20 студзеня ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне адбылося экуменічнае набажэнства ў межах Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў.
У малітве, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, прынялі ўдзел прадстаўнікі Рыма-Каталіцкага Касцёла, Грэка-Каталіцкай i Праваслаўнай Цэркваў, Евангелічна-лютэранскай супольнасці, Царквы поўнага Евангелля «Жывое Слова» (пяцідзясятнікі).
Праваслаўную Царкву прадставіў протаіерэй Аляксандр Хомбак, настаяцель храма св. Лукі ў Гродне, Грэка-Каталіцкую Царкву — настаяцель парафіі Маці Божай Фацімскай у Гродне а. Андрэй Крот, Евангелічна-лютэранскyю супольнасць у Гродне — дыякан Юрый Лабоцкі, Царквy поўнага Евангелля «Жывое Слова» — пастар Дзмітрый Малюкевіч.
«Нас падзяляе чалавечае, а не Божае, таму што Божае не падзяляе, а аб’ядноўвае, дае благаслаўленне, дорыць мір і адзінадумства, любоў, аздараўленне і збаўленне», — заўважыў дыякан Юрый Лабоцкі з Евангелічна-лютэранскай супольнасці.
Дыякан нагадаў, што ўсе хрысціяне пакліканы абвяшчаць Евангелле ўсім людзям словам, справай і сведчаннем свайго жыцця, і дадаў: «Нам трэба быць заўсёды гатовымі адмовіцца ад чалавечага дзеля асноўнай Божай справы, да якой пакліканы».
Дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі звярнуў увагу, наколькі актуальная сёння ў свеце Божая праўда.
«Сучасны свет, які пазначаны рэлігійнай індыферэнтнасцю — больш за тое, агрэсіяй да ўсяго, што хрысціянскае, — мае патрэбу ў абвяшчэнні Евангелля не толькі тым, што ніколі не чулі яе, але таксама і сярод тых, якія маюць хрысціянскія карані і для якіх Божая праўда павінна быць жаданай, як скарынка штодзённага хлеба», — сказаў іерарх.
Па словах біскупа, крочачы дарогай да адзінства, усе пакліканы даваць супольнае сведчанне супраць выклікаў нашага часу, такіх, як секулярызацыя і абыякавасць, рэлятывізм і геданізм, i павінны разам бараніць далікатныя, але вельмі важныя тэмы пачатку жыцця чалавека і яго згоднага з Божым Провідам сыходу да новай рэчаіснасці ў Валадарстве Божым.