Адным з распаўсюджаных міфаў, створаных вакол асобы Папы Аляксандра VI, з’яўляецца гісторыя заняцця ім Пасаду св. Пятра. Паводле міфу, ён падкупіў кардыналаў падчас канклаву з мэтай атрымання іх галасоў. Многія даследчыкі ўказваюць на гэты факт, які сёння шырока «вандруе» па кнігах, інтэрнэце і нават кіно. А ці сапраўды ён мае рэальныя падставы? Пра гэта мы пагаворым сёння.
Канклаў, на якім Радрыга Борджыа быў абраны Папам, пачаўся 6 жніўня 1492 г. – праз тры дні пасля таго, як Калумб пакінуў Партугалію ў пошуку кароткага шляху ў Індыю. У канклаве прынялі ўдзел 23 кардыналы, амаль усе італьянцы, за выключэннем кардыналаў Борджыа і Коста. Галоўным чынам кардыналы падзяліліся на сімпатызуючых дзвюм буйным палітычным сілам: каралю Фердынанду І Неапалітанскаму і міланскаму князю Людовіку Сфорца.
Гэтыя манархі шукалі сваёй выгады ў выбарах Пантыфіка і падтрымлівалі двух розных кандыдатаў: першы – кардынала Джуліано дэла Ровэрэ, а другі – кардынала Асканіо Сфорца. Такім чынам, на плячах удзельнікаў канклаву ляжаў цяжар «правільнага» палітычнае рашэння: неабходна было выбраць чалавека, які б быў у стане захаваць мір і бяспеку Папскай дзяржавы.У дадзеным канктэксце цяжка сцвярджаць, што подкуп з боку Радрыга Борджыа ці нейкага іншага кардынала мог быць плённым. Аднак, калі ён быў абраны на Пасад св. Пятра, пачалі распаўсюджвацца чуткі, што Папа падкупіў кардыналаў – хтосьці пляткарыў за грошы, а хтосьці з-за ўласных крыўдаў.
У распаўсюджванні «чорнай легенды» былі зацікаўлены некаторыя мясцовыя рымскія роды, якія знаходзіліся пад уплывам неапалітанскіх і міланскіх двароў. Яны варожа ставіліся да Аляксандра VI, бо ён адразу пасля абрання канфіскаваў у іх некаторую касцёльную маёмасць, узурпаваную пры жыцці мінулага Пантыфіка. Маёмасць пасля яго смерці павінна была вярнуцца ва ўласнасць Апостальскай Сталіцы. Аляксандр VI, будучы спецыялістам у кананічным праве, добра пра гэта ведаў. Тым больш узурпаваныя замкі пагражалі добрай камунікацыі і бяспецы Папскай дзяржавы, а Радрыга Борджыа ўсё сваё жыццё служыў Касцёлу і меў да яго вялікую і сакральную павагу, большую за прыватныя інтарэсы.
Варта нагадаць, што ў Рыме даўно наспявала антыіспанская змова. У тую эпоху ў Еўропе быў распаўсюджаны пэўнага кшталту расізм у адносінах да іспанцаў. Іспанія лічылася краінай «ніжэйшага гатунку» з-за сваёй рэлігійнай нявызначанасці і неаднароднасці, адсутнасці моцнай нацыянальнай ідэнтычнасці, часам легкадумнага нораву жыхароў. Да сям’і Борджыа ставіліся прадузята з часоў Калікста ІІІ, калі колькасць іберыйцаў пры папскім двары пачала павялічвацца.
Адным з першых пра подкуп, або сіманію, пачаў казаць публічна італьянскі інтэлектуал і пісьменнік Франчэска Гучардзіні. Ён пісаў гісторыю сям’і Борджыа, абапіраючся на народныя байкі і чуткі. А пра яго прадузятасць у дачыненні да Рымскіх Пантыфікаў кажа яго прызнанне ў любові да Лютэра «як да сябе самога».
Вяртаючыся да канклаву, трэба адзначыць, што ў якасці доказаў подкупу прыводзіцца перадача маёмасці Борджыа некаторым кардыналам. Падобныя дзеянні былі зафіксаваны пры абранні яго папярэднікаў: Пія ІІ і Інакенція VIII, аднак, калі б яны мелі дачыненне да канклаву, то яго лёс вызначыўся б пры першых галасаваннях. Але гэтага не адбылося. Тым больш Борджыа два разы ўдзельнічаў у канклавах у якасці кандыдата на Пасад св. Пятра, але не быў абраны, – калі б ён карыстаўся подкупам, вынік быў бы іншы.
Таксама варта адзначыць, што некаторая маёмасць сапраўды перадавалася асобам кардыналаў, якія падтрымалі Радрыга Борджыа ўжо ў першых галасаваннях: Склафенаццы, Рыарыа і Даменіко дэла Ровэрэ. Таму нельга казаць, што Борджыа пачаў падкупаць кардыналаў, калі яму не хапала галасоў.
Перадача буйных уладанняў кардыналу Сфорца з боку Радрыга Борджыа з мэтай подкупу таксама не пацвярджаецца. Пра яе ўзгадвае толькі адна крыніца – «Дзённік горада Рыма» – зборнік праўдзівых і фальшывых навін, якія «вандравалі» па Вечным горадзе ў другой палове XV ст., складзены італьянскім храністам Стэфано Інфесурыем. Гісторыкамі гэтая крыніца не разглядаецца як «выклікаючая давер».
Так чаму ж у 1492 г. быў абраны Радрыга Борджыа? Калі ўдзельнікі канклаву не маглі выбраць сярод двух галоўных прэтэндэнтаў, было вырашана звярнуць увагу на трэцяга, нейтральнага, які не быў італьянцам і не знаходзіўся пад уплывам ніводнай з палітычных сіл. Выбар паў на Борджыа, шансы якога былі дастаткова вялікімі і пры гэтым улічваўся яго аўтарытэт, клопат пра Касцёл, шчодрасць і асабістае багацце. Радрыга Борджыа быў на той момант дэканам Калегіі кардыналаў і віцэ-канцлерам – другім чалавекам пасля Папы ў Касцёле.
У выніку першага галасавання Борджыа атрымаў толькі сем галасоў, падчас другога і трэцяга – восем. Тады кардыналы вырашылі паглядзець на кандыдатуру Борджыа сур’ёзна: падчас чацвёртага галасавання ён атрымаў усе галасы за выключэннем свайго. У лісце, скіраваным на радзіму і адрасаваным біскупу Валенсіі, ён пісаў, што быў абраны «з адзінадушнай воляй і згодай». Гэты ліст і сёння заховаецца ў архіве гэтага іспанскага горада.
На момант канклаву не існавала ніякіх абвінавачванняў, якія б датычыліся прыватнага жыцця Радрыга Борджыа. Для многіх яго абранне стала сапраўдным падарункам, таму што ўсе ведалі цяжар выбару, абумоўленага грашыма суседніх дзяржаў. Жыхары Рыма сустрэлі абранне добра вядомага ім кардынала вялікімі святкаваннямі. Адзін з прысутных у Рыме назіральнікаў канклаву пісаў, што «выбары павінны былі быць нічым іншым, як справай Святога Духа». Сумленнасць выбараў шырока пацвярджалася сучаснікамі тых падзей, а таксама некаторымі даследчыкамі, вельмі суровымі да сям’і Борджыа, як напрыклад іспанскім езуітам Мікелем Батлоры.
Аляксандр Панчанка