Пошук

26.09.2013 12:46  

Адной з самых супярэчлівых асобаў у гісторыі Касцёла з’яўляецца Папа Аляксандр VI Борджыа. Калі гаворка заходзіць пра «грахі каталіцтва», то кожны больш-менш адукаваны чалавек адразу ўзгадае пра постаць гэтага Папы. Напэўна, таму ён і з’яўляецца адным з самых вядомых сярэднявечных Рымскіх Пантыфікаў: «грэх заўсёды крычыць, а цнота ціхая». Хто жадае пазнаёміцца з асобай Аляксандра Борджыа, не сустрэне вялікіх цяжкасцяў, каб задаволіць сваю цікаўнасць: пра яго напісаны сотні кніг і зняты дзясяткі фільмаў. Пра папулярнасць асобы гэтага Пантыфіка кажа нават той факт, што нядаўна ён стаў адным з галоўных персанажаў вядомай камп’ютарнай гульні.

Гісторыя ўзнагародзіла Аляксандра VІ даволі змрочнымі эпітэтамі: забойца, распуснік, кровазмяшальнік, ашуканец, непатыт і сіманіст. Для некаторых аўтараў гэты Папа з’яўляўся «аптэкарам д’ябла», «дасканалай інкарнацыяй сатаны», «супрацьлеглым ідэалу Хрыста».

Канешне, калі глядзець на такі выключна «чорны» вобраз, не можа не ўзнікнуць некаторых сумніваў: а ці сапраўды ён быў такім нягодным чалавекам? Ці сапраўды ў ім не было нічога чалавечага? Ці сапраўды ўсе грахі свету могуць быць сабраны ў постаці адной асобы, якая, дарэчы, займала пасаду Наступніка св. Пятра?

Гэтым пытаннем, асабліва з канца ХІХ ст., задаваліся многія гісторыкі. Імі, не без поспеху, прадпрымаліся спробы нейкім чынам развеяць некаторыя «чорныя легенды», створаныя вакол асобы Аляксандра VI, і падкрэсліць яго заслугі перад Касцёлам і палітыкай тагачаснай Еўропы. Дык вось, паводле многіх даследчыкаў, поўнае асуджэнне Аляксандра VI не можа быць прынята, таму што часта грунтуецца на фальшывых абвінавачваннях. Адначасова не адмаўляецца, што яго грахі і слабасці пакінулі такія плямы на вобразе Рымскага Пантыфіка, аб якіх кожны католік вымушаны шкадаваць.

Тым не менш, трэба адзначыць, што Аляксандр Борджыа з’яўляецца адной з ахвяраў антыкаталіцкай і ў прыватнасці «антыпапскай» прапаганды, якая пачала шырока распаўсюджвацца з канца ХVI ст.

Аляксандр VI быў адным з самых магутных манархаў Еўропы свайго часу. Ён нарадзіўся ў Іспаніі і прыбыў у Рым у той час, калі менавіта папскі двор быў вагамі еўрапейскай палітыкі. Нельга забываць, што ў эпоху Борджыа Рымскія Пантыфікі валодалі сапраўднай свецкай уладай: яны былі манархамі, якія займаліся палітычным кіраваннем, нярэдка асабіста ўзначальвалі войска, клапаціліся аб спрыяльнай міжнароднай сітуацыі, вырашалі эканамічныя праблемы. Уплыў папскай дзяржавы ў той час быў вельмі вялікім. Гэта, канешне, не магло не выклікаць зайдзрасці і варожасці – у першую чаргу з боку паўночных дзяржаў, якія імкнуліся адарвацца ад яе ўплыву. Менавіта адсюль паходзіць большасць міфаў пра гэтага Папу, паспяхова распаўсюджаных дзякуючы адкрыццю кнігадрукарства.

Таксама варта адзначыць, што першая біяграфія Аляксандра VI з’явілася хутка пасля яго смерці ў 1503 г., у часы Пантыфікату Папы Юлія ІІ – вядомага праціўніка сям’і Борджыа. Біяграфія, канешне, належыць ананімнаму аўтару, і менавіта яна стала асновай для большасці псеўдагістарычных апавяданняў пра асобу Аляксандра VI.

Гаворка не ідзе пра тое, каб прадставіць Аляксандра VI святым – канешне, ён гэтага не заслугоўвае, але з іншага боку нельга прымаць беспадстаўных абвінавачванняў у яго адрас. Цікава ўбачыць, якім ён быў на самой справе, – у чым заслугоўвае пахвалы і прызнання, а ў чым памыляўся.

У бліжэйшы час мы паспрабуем разгледзець гэтыя пытанні. Мы пагаворым, што кіравала гэтым Папам у канкрэтных жыццёвых сітуацыях, – што з’яўляецца сапраўдным, а што выдуманым. Мы разгледзім канклаў, на якім ён быў абраны, яго адносіны да Саванаролы і дачкі Лукрэцыі, а таксама іншыя моманты яго жыцця, найбольш кантраверсійныя і пакрытыя пылам чутак, легенд і нагавораў.

У якасці першага кроку ў гэтым накірунку будзе сцвярджэнне, што Пантыфікат Аляксандра VI з’яўляецца бездакорным з пункту гледжання кананічнага права. Нягледзячы на свае грахі, гэты Папа быў да апошняга дня верны Касцёлу і не прыняў ніводнага рашэння, якое б супярэчыла каталіцкаму навучанню. Аляксандр VI меў вялікае жаданне распаўсюдзіць Евангелле да самых крайніх кропак зямлі. Менавіта пры ім каталіцкія місіянеры выправіліся ў Грэнландыю, Афрыку і, канешне, Амерыку, якая была адкрыта ў год яго абрання на Пасад св. Пятра.

Аляксандр VI вядомы як актыўны змагар з ерасямі ў Багеміі, Маравіі і Ламбардыі. Гэта ён асудзіў дзейнасць іспанскай інквізіцыі – свецкага інстытута, які прыкрываўся рэлігіяй для выканання палітычных заданняў. Менавіта Аляксандр Борджыа адкрыў межы папскай дзяржавы, каб даць прытулак тысячам яўрэйскіх сем’яў, якія былі вымушаны ўцякаць з Іспаніі пасля абвяшчэння тут Альгамбрскага эдыкта – дакумента, які абвязваў яўрэяў пакінуць Іспанію ў выніку адмаўлення ад пераходу ў каталіцтва. Папа Аляксандр VI быў сапраўдным міратворцам: ён дыпламатычным шляхам, а не коштам крыві грамадзян, спыніў захопніцкія планы Карла VIII, а таксама прымірыў паміж сабой Іспанію і Францыю ў іх спрэчцы за Неапалітанскае каралеўства. Пры стварэнні вобразу Аляксандра Борджыа нельга забывацца пра гэтыя аспекты яго жыцця.

Больш за тое, можна з упэўненасцю сказаць, што рэлігія і свецкая ўлада Касцёла былі пытаннямі, якія займалі важнае месца ў сэрцы гэтага Пантыфіка, а знаёмства з яго жыццём, пазбягаючы міфаў, будзе вельмі захапляльным падарожжам, якое запрашаем вас распачаць.

Аляксандр Панчанка

Абноўлена 05.06.2017 13:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа