31 ліпеня папа Францішак наведаў галоўную святыню Oрдэна езуітаў – знакаміты рымскі касцёл Найсвяцейшага Імя Езуса, больш вядомы як «Іль-Джэзу». Тут Святы Айцец, які сам з’яўляецца езуітам, меў магчымасць сустрэцца і паразмаўляць са сваімі субратамі, цэлебраваць Эўхарыстыю і памаліцца каля рэліквій св. Ігнацыя Лаёлы. Трэба адзначыць, што касцёл «Іль-Джэзу» з’яўляецца сапраўдным «пантэонам» Таварыства Езуса.
Акрамя заснавальніка ордэна, тут пахаваны св. Францішак Ксаверый і св. Джузэпэ Піньятэлі, а таксама захоўваюцца рэліквіі многіх іншых езуітаў, узнесеных да хвалы алтара. Сярод іх, у капліцы Найсвяцейшай Тройцы, знаходзіцца рэліквія св. Андрэя Баболі, езуіта і місіянера, які ў XVII cт. быў да смерці замучаны казакамі ў Янаве Палескім (сёння п. Іванава ў Брэсцкай вобласці).
Але гэта яшчэ не ўсё. У правай наве касцёла, перад уваходам у капліцу Найсвяцейшага Сэрца Езуса, увагу пілігрыма з Беларусі можа прыцягнуць знаёмая выява: на мармуровай надмагільнай пліце, размешчанай на падлозе, намаляваны тры паляўнічыя трубы – герб роду Радзівілаў. Каля гербу ёсць надпіс па-лацінску, у якім сказана, што тут пахаваны кардынал-прэзбітэр касцёла св. Сікста Юрый Радзівіл, біскуп Кракаўскі, князь Алыкскі і Нясвіжскі.
Сапраўды, у касцёле «Іль Джэзу» пахаваны буйны рэлігійны дзеяч з Вялікага Княства Літоўскага, кардынал Юрый Радзівіл – першы кардынал у гісторыі нашай старадаўняй дзяржавы. Кім ён быў і чым праславіўся ў гісторыі Касцёла, мы высветлім сёння.
Юрый Радзівіл нарадзіўся ў Лукішках каля Вільні ў 1556 г. Яго бацькам быў Мікалай Радзівіл Чорны – ваявода віленскі, славуты дзеяч Рэфармацыі і абаронца кальвінізму. Менавіта таму сваю першую адукацыю будучы кардынал атрымліваў у кальвінісцкіх школах Вільні і Нясвіжа.
Затым бацька адправіў маладога шляхціча на вучобу ў нямецкі Лейпцыг – адзін тагачасных з цэнтраў пратэстантызму. У мясцовым універсітэце Юрый Радзівіл вывучаў права. Адначасова ён са сваім старэйшым братам Мікалаем Крыштафам служыў пры двары караля Жыгімонта Аўгуста, і ім неаднойчы даводзілася выконваць розныя дыпламатычныя заданні. Але Юрый адчуваў, што права і дыпламатыя — гэта не зусім тыя сферы, якім ён хацеў бы прысвяціў сваё жыццё.
Канчатковае рашэнне пра сваю будучыню ён прыняў у 1574 г., калі пачуў казанні знакамітага езуіта Пятра Скаргі – заснавальніка і першага рэктара Віленскай езуіцкай акадэміі, якая затым стала Віленскім універсітэтам. Юрый Радзівіл пакінуў кальвінізм і ў прысутнасці славутага прапаведніка прыняў каталіцтва. Каб паглыбіць сваю веру і веды пра сваю новую канфесію, ён вырашыў працягнуць вучобу ў самым цэнтры Каталіцкага Касцёла – Рыме. Тут ён спачатку вучыўся прыватна, а затым у Папскім грыгарыянскім універсітэце і Рымскім езуіцкім калегіуме.
Трэба адзначыць, што якраз у гэты перыяд у Рыме адбывалася сапраўднае духоўнае адраджэнне. У горадзе жылі і працавалі дзясяткі людзей, якія ўжо пры жыцці лічыліся святымі, а пасля смерці былі ўзнесены да хвалы алтара. Сярод іх такія вядомыя постаці, як св. Філіп Нэры, св. Луіджы Ганзага, св. Роберт Белармін. Апошні, дарэчы, выкладаў у Рымскім калегіуме, у якім вучыўся Юрый Радзівіл. Атмасфера Вечнага горада, ззянне святасці і народнай пабожнасці не маглі не аказаць уплыву на яго. Ён сам вылучаўся глыбокай верай і любоўю да бедных, некалькі разоў здзяйсняў пілігрымкі да гроба св. Якуба ў Санц’яга дэ Кампастэла.
Вярнуўшыся ў Вільню, Юрый Радзівіл актыўна ўключыўся ў контррэфармацыю. Ён быў прызначаны Віленскім біскупам-каад’ютарам, а затым пераняў віленскую кафедру, не маючы святарскага і біскупскага пасвячэння. Ён атрымаў іх у 1583 г.
Юрый Радзівіл увёў цэнзуру, каб ачысціць горад ад кальвінісцкай літаратуры, а ў 1582 г., на ўласныя грошы, адчыніў Віленскую духоўную семінарыю – першую семінарыю ў ВКЛ і другую вышэйшую навучальную установу ў краіне, пасля Віленскага ўніверсітэта. На першы год навучання было прынята 12 семінарыстаў. Адукацыйны працэс біскуп Юрый Радзівіл даверыў айцам езуітам.
Адкрыццё семінарыі ў той час было вельмі прагрэсіўным крокам, таму што дэкрэт аб абавязковай адукацыі святароў у семінарыях быў выдадзены толькі падчас Трыдэнцкага Сабору ў 1560-я гг.
У 1583 г. Папа надаў Радзівілу кардынальскую годнасць, і праз тры гады з рук папы Сікста V ён атрымаў пурпурны кардынальскі берэт.
Менавіта ў гэты перыяд у барацьбу з кальвінізмам у Нясвіжы актыўна ўключыўся яго старэйшы брат Мікалай Крыштаф Радзівіл. Ён запрасіў у сваё радавое мястэчка езуітаў і спецыльяна для іх пачаў будаўніцтва новага мураванага касцёла. Праектам будучай святыні зацікавіўся і біскуп Віленскі Юрый Радзівіл. Пасля доўгага абмеркавання і вяртання апошняга з Рыма было вырашана, што пабудаванае трэба разабраць і пачаць новае будаўніцтва па іншым праекце.
Прычынай такога рашэнне не была якасць пабудовы ці яе памеры, але імкненне «ісці нага ў нагу» з тагачаснымі тэндэнцыямі ў сакральнай архітэктуры. Справа ў тым, што ўзорам для ўсіх каталіцкіх храмаў той эпохі быў рымскі касцёл езуітаў «Іль-Джэзу», які Юрый Радзівіл мог пабачыць у Вечным горадзе ў 1586 г. У Нясвіжы было вырашана пабудаваць яго паменшаную копію. Праз год пасля свайго вяртання на радзіму, 14 верасня 1587 г., Юрый Радзівіл асвяціў краевугольны камень будучага касцёла Божага Цела ў Нясвіжы, які існуе да сённяшняга сёння і з’яўляецца сапраўднай архітэктурнай пярлінай Беларусі.
Праз некалькі гадоў пасля гэтага Юрый Радзівіл быў прызначаны біскупам Кракаўскім. Некалькі разоў Папа давяраў яму ў якасці легата прадстаўляць Апостальскую Сталіцу пры розных еўрапейскіх каралеўскіх дварах. У 1600 г. ён быў запрошаны ў Вечны горад на святкаванне вялікага юбілею хрысціянства. Падчас гэтага падарожжа ён захварэў і памёр. За дзень да смерці яго наведаў папа Клімент VIII. За асаблівыя заслугі перад Касцёлам было вырашана пахаваць яго ў самай галоўнай святыні езуітаў – рымскім касцёле «Іль-Джэзу». Такі след у гісторыі каталіцтва на нашых землях пакінуў першы кардынал у ВКЛ, князь Алыкскі і Нясвіжскі Юрый Радзівіл.
Аляксандр Панчанка