Пошук

01.05.2013 17:14  

Адным з хрысціянскіх сімвалаў, які шырока абмяркоўваецца навукоўцамі на працягу многіх стагодзяў, з’яўляецца Бэтлеемская зорка. Існуе шмат розных гіпотэз адносна яе прыроды: некаторыя лічаць яе звышнатуральнай з’явай ці проста вобразам, іншыя, наадварот, шукаюць пацвярджэння сапраўднасці касмічнага феномену, які адбыўся каля 2000 гадоў таму. Што гэта была за зорка? Ці існавала яна на самой справе? Што яна кажа для нашай веры? Адказаць на гэтыя пытанні мы паспрабуем сёння.

Над прыродай і значэннем Бэтлеемскай зоркі разважаў адзін з найвялікшых тэолагаў і інтэлектуалаў нашага часу — Папа на пенсіі Бэнэдыкт XVI. Напрыканцы 2012 г., незадоўга да ўрачыстасці Божага Нараджэння, на паліцах кніжных крамаў у многіх краінах свету з’явілася яго апошняя кніга пад назвай «Дзяцінства Езуса». У ёй Пантыфік расказаў пра значэнне розных цікавых момантаў, звязаных з прыходам Збаўцы, сярод якіх, канешне, была ўзгадка пра Бэтлеемскую зорку. Мы будзем абапірацца на тэкст Бэнэдыкта XVI, улічваючы яго вялікі аўтарытэт у свеце навукі, а таксама адданасць, з якой ён клапаціўся пра ўмацаванне веры католікаў.

Паводле Бэнэдыкта XVI, некаторыя вельмі аўтарытэтныя тэолагі лічаць, што пытанне аб прыродзе зоркі не мае сэнсу. Яны прытрымліваюцца меркавання, што тэалагічнае апавяданне не трэба змешваць з астраноміяй. Напрыклад св. Ян Хрызастом лічыў, што зорка не была звычайным касмічным целам, але «нябачнай сілай, якая набыла такі выгляд».

Але існуюць і адваротныя меркаванні. Са з’яўленнем сучаснай астраноміі, развіццю якой, дарэчы, паспрыялі многія веруючыя хрысціяне, пытанне аб прыродзе Бэтлеемскай зоркі было ўзнята зноў.

Нямецкі матэматык і астраном Іаган Кеплер яшчэ на пачатку XVII ст. прапанаваў гіпотэзу, якая сёння падзяляецца многімі сучаснымі навукоўцамі. Ён вылічыў, што паміж 7–6 г. да н.э. (гэты год лічыцца найбольш верагоднай датай нараджэння Хрыста) адбыўся так званы «парад планетаў» – касмічны феномен, падчас якога Юпітэр, Сатурн і Марс «пастроіліся» ў адзін радок. Кеплер назіраў падобную з’яву ў 1604 г., але тады да яго далучалася звышновая зорка. Такім тэрмінам называюць слабую зорку, ці вельмі далёкую, якая падыходзіць да апошняй стадыі свайго існавання і выбухае. У выніку гэтага выбуху адбываецца вялікае ззянне, якое трывае на працягу некалькіх месяцаў.

Кеплер лічыў звышновую зорку новым нябесным целам. Паводле яго, менавіта яна з’явілася ў час нараджэння Езуса і тлумачыць вялікае ззянне над Бэтлеемам. Цікава, што іншы нямецкі навуковец, Фрыдрых Вейслер дэ Гётэнген, знайшоў у храналогіях кітайскіх астраномаў узгадку пра тое што ў 4 г. да н.э. «з’явілася на небе ззяючая зорка, якая была бачна на працягу доўгага часу».

Яшчэ адзін навуковец, аўстрыйскі астраном Ферары Д’Акіеппа, які жыў у ХХ ст., сцвярджаў, што для тлумачэння з’яўлення яркай зоркі над Бэтлеемам было дастаткова злучэння Юпітэра і Сатурна ў задыякальным знаку Рыбы. Важна адзначыць, што планета Юпітэр атаясамлівалася з галоўным вавілонскім бажком Мардукам. Д’Акіеппа заўважыў, што Юпітэр, сімвал самага галоўнага вавілонскага бажка, аб’явіўся ў сваім найвялікшым ззянні ў той час, калі побач з’явіўся Сатурн — касмічны сімвал юдэйскага народа. Паводле навукоўца, гэтая сустрэча планет дапамагла вавілонскім астраномам, якіх мы сёння называем «мудрацамі» або «каралямі з Усходу», зразумець касмічную важнасць падзеі — нараджэнне ў Юдэі Валадара, які прынясе збаўленне.

Паводле Бэнэдыкта XVI, «парад» Юпітэра і Сатурна ў 7–6 г. да н.э. можа быць задавальняючым тлумачэннем. Гэты феномен мог накіроўваць астраномаў вавілонска-персідскай культуры ў Юдэю, да «караля Юдэі».

Папа казаў таксама пра глыбокае значэнне, якое Бэтлеемская зорка мае для нашай веры сёння. «Пошук мудрацамі караля Юдэйскага сведчыць пра рух народаў да Хрыста», — адзначаў ён. Паводле Бэнэдыкта XVI, сам космас кажа пра Хрыста. Але адначасова становіцца відавочным, што мова космасу і прыроды застаецца для нас не да канца зразумелай. «Мова стварэння дае шмат указанняў. Яна нараджае ў чалавеку інтуітыўнае адчуванне Стварыцеля. Нараджае чаканне і надзею, што гэты Бог аднойчы аб’явіцца. А таксама нараджае ўпэўненасць у тым, што чалавек можа ісці Яму насустрач», — пісаў Святы Айцец.

Таксама важна звярнуць увагу яшчэ не адзін аспект, звязаны з Бэтлеемскай зоркай: яна прывяла мудрацоў у Юдэю, і цалкам натуральна, што ў пошуку нованароджанага валадара яны накіраваліся перш за ўсё ў каралеўскі горад Ерузалем і палац цара Ірада. Паводле логікі, менавіта тут павінен быў нарадзіцца будучы цар. Але ўсё было не так проста: для таго, каб знайсці шлях да сапраўднага валадара, яны мелі патрэбу ва ўказаннях, якія дае Святое Пісанне Ізраэля, жывое слова Бога.

Нарэшце, яшчэ адзін важны аспект падкрэслівалі Айцы Касцёла. Паводле Грыгорыя Назіянскага, у той момант, калі мудрацы пакланіліся Езусу, наступіў канец астралогіі — з таго часу зоркі пачалі рухацца па арбіце, устаноўленай Хрыстом. У старажытным свеце нябесныя целы надзяляліся боскай сілай і вырашалі лёсы людзей. Таму планеты насілі імёны паганскіх бажкоў. Вера ў адзінага Бога, аб якой сведчыць Біблія, дазваляе бачыць у іх не бажкоў, але стварэнні Бога, такія, як і ўсе іншыя. Увайшоўшы ў паганскі свет, хрысціянская вера павінна была даць адказ на пытанне аб «боскасці» касмічных целаў. Таму ў Пасланнях да Эфесцаў і Каласянаў апостал Павел сцвярджаў, што ўваскрослы Хрыстус перамог усе Сілы і Валадарствы і пануе над усім светам.

Аляксандр Панчанка

Абноўлена 05.06.2017 13:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця