На поўдні Босніі і Герцагавіны, недалёка ад берагоў Адрыятычнага мора, знаходзіцца невялікае мястэчка, дзе пражывае каля 4 тысяч чалавек. Тут няма шэдэўраў архітэктуры ці прыроды незвычайнай прыгажосці, але кожны год яго наведваюць каля 2 мільёнаў чалавек з розных краін свету. Чытаючы шматлікія водгукі людзей, якія сюды прыязджалі, часта можна пачуць такія словы: «тут немагчыма не верыць», «я вярнуўся адтуль іншым чалавекам» і г.д.
Упершыню аб Меджугор’і стала шырока вядома напачатку 1980-х гадоў. Летам 1981 г. шэсць мясцовых маладых людзей, чатыры дзяўчыны і два хлопцы, заявілі пра тое, што ім аб’явілася Панна Марыя — Маці Езуса Хрыста, якая прадставілася, як «Валадарка Супакою». Паводле сведкаў, гэтыя аб’яўленні працягваюцца да сённяшняга дня. У іх Панна Марыя перадае кароткія пасланні — яна заклікае вернікаў да навяртання, малітвы і міра. На сённяшні дзень тры сведкі аб’яўленняў атрымліваюць паведамленні ад Марыі штодзённа, а тры іншыя толькі раз на год. Аб’яўленні адбываюцца сістэматычна — у адзін і той жа час. Цікава таксама, што зараз чатыры сведкі жывуць у Меджугор’і, а іншыя два ў Італіі і ЗША. Аднак, нягледзячы на гэта, паводле іх слоў, яны працягваюць чуць і бачыць Марыю.
Між іншым, яны сцвярджаюць, што Маці Божая расказала ім аб важнасці пяці духоўных прыладаў — «пяці камянёў», якія параўноўваюцца са зброяй Давіда, ужытай супраць Галіяфа: пакорная, сардэчная малітва, асабліва штодзённы Ружанец; пост у сераду і пятніцу; штодзённае чытанне Бібліі; споведзь, прынамсі раз на месяц; Эўхарыстыя, пажадана кожны дзень. Паводле сведкаў аб’яўлення, тым, хто будзе прытрымлівацца гэтых правілаў, Маці Божая паабяцала сваё заступніцтва і дапамогу ў навяртанні да Бога.
Таксама маладыя людзі сцвярджалі, што Маці Божая адкрыла ім дзесяць сакрэтаў, падзяліцца якімі яны пакуль не могуць. Сакрэты можна будзе раскрыць толькі за некалькі дзён да таго, як яны споўняцца. Сведкі аб’яўленняў таксама адзначалі, што Панна Марыя, заклікаючы людзей да навяртання, казала аб наступленні «часу супакою» пасля спаўнення гэтых сакрэтаў.
У 1992 г. адзін мясцовы францішканін звярнуўся да маладых людзей з просьбай скласці партрэт Панны Марыі, адказаўшы на шэраг пытанняў. Большасць з іх пагадзілася, і ў выніку стала вядома, што яны бачылі Маці Божую ў выглядзе прыгожай жанчыны на невялікім белым воблаку. Яе ўзрост быў каля 18–20 гадоў, рост 165 см, вага каля 60 кг. Яна мела светлую скуру, блакітныя вочы, была апранута ў шэра-блакітнае доўгае адзенне.
Праз тыдзень пасля першага аб’яўлення, якое адбылося 24 чэрвеня 1981 г., аб ім размаўляла ўжо ўсё мястэчка. Большасць, канешне, не верыла ў апавяданні моладзі, іншыя, аднак, сумняваліся: навошта ім усё гэта прыдумваць? Праз некалькі месяцаў у адным з невялікіх харвацкіх выданняў з’явіўся артыкул аб незвычайным здарэнні. Ён быў перадрукаваны ў іншых газетах. Навіна пра аб’яўленні Маці Божай прыцягнула ўвагу вялікай колькасці людзей. У Меджугор’е пачалі прыносіць свае просьбы вернікі, а таксама простыя зацікаўленыя, нягледзячы на забароны, якія чыніла міліцыя, тады яшчэ Федэратыўнай Сацыялістычнай Рэспублікі Югаславія.
У мясцовым Касцёле, хутка пасля першых аб’яўленняў, была створана спецыяльная дыяцэзіяльная камісія, якая павінна была вырашыць, ці сапраўды Маці Божая аб’яўлялася маладым людзям. Не здолеўшы даць адказ, яна перадала разгляд гэтай справы Канферэнцыі Біскупаў Югаславіі. Аналізуючы падзеі, словы сведкаў, змест пасланняў, біскупы вагаліся, які вердыкт вынесці: звышнатуральны характар не даказаны, але ці даказаны незвышнатуральны характар? Справа станавілася больш цяжкай у сувязі з тым, што аб’яўленні яшчэ не скончыліся. У выніку біскупы спыніліся на першым варыянце — «аб недаказанасці», і тым самым адкрылі дзверы далейшым даследаванням справы. Трэба адзначыць, што некаторыя мясцовыя каталіцкія іерархі былі катэгарычнымі праціўнікамі прызнання звышнатуральнасці аб’яўленняў і да сённяшняга дня працягваюць бараніць сваю пазіцыю, называючы тое, што здарылася, «самым вялікім падманам у гісторыі Касцёла».
Нягледзячы на гэта, тысячы пілігрымаў штогадова накіроўваліся і працягваюць накіроўвацца ў Меджугор’е. У сувязі з адсутнасцю яснай пазіцыі Касцёла па гэтым пытанні ўзнікла непаразуменне: ці варта католікам наведваць гэтае месца? У 1996 г. на яго адказала Апостальская Сталіца, выдаўшы спецыяльны дакумент з тлумачэннямі. У ім, між іншым, адзначаецца, што меркаванні некаторых каталіцкіх іерархаў, якія рэзка выказваюцца супраць сапраўднасці аб’яўленняў, з’яўляюцца іх асабістымі меркаваннямі, а не афіцыйнай пазіцыяй Касцёла. Падкрэсліваецца, што канчатковае рашэнне аб сапраўднасці аб’яўленняў яшчэ не прынята і даследаванні ў гэтай справе працягваюцца.
Акрамя таго, Святы Пасад выказаў дазвол на прыватныя пілігрымкі ў Меджугор’е, якія павінны адбывацца ў суправаджэнні святароў, для аказання душпастырскай дапамогі вернікам. Гэтыя пілігрымкі не павінны быць звязаны з ушанаваннем месцаў аб’яўлення Панны Марыі, бо іх сапраўднасць не пацверджана Касцёлам, але толькі з ушанаваннем самой Панны Марыі, што не супярэчыць каталіцкаму навучанню. Прыватнымі пілігрымкамі з’яўляюцца тыя, якія арганізаваны самімі вернікамі ці свецкімі ўстановамі.
Праз некаторы час сітуацыю пракаментаваў тагачасны кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы Хаакін Навара-Вальс. Ён сказаў, што католікам не забаронена наведваць Меджугор’е, але «парафіі і дыяцэзіі не могуць арганізоўваць афіцыйныя пілігрымкі». У той жа час нельга забараніць людзям ездзіць туды да таго, пакуль не даказана, што аб’яўленні непраўдзівыя, а гэтага ніколі не было абвешчана. Таму кожны жадаючы можа туды паехаць. Навара-Вальс адзначыў, што задача біскупаў — клапаціцца аб тым, каб ушанаванне Панны Марыі, асабліва ў Меджугор’і, не супярэчыла навучанню Касцёла.
Каб паглыбіць даследаванне ў справе аб’яўленняў у Меджугор’і, баснійскі епіскапат у 2010 г. звярнуўся да Папы з просьбай стварыць спецыяльную камісію ў Кангрэгацыі Веравучэння. Яе ўзначаліў кардынал Каміла Руіні, а сярод членаў ёсць як кардыналы, біскупы і святары, так і свецкія спецыялісты ў розных галінах навукі і медыцыны. У снежні 2012 г. яны прадставілі Святому Айцу справаздачу аб сваёй дзейнасці, і цалкам магчыма, што на працягу гэтага года могуць з’явіцца новыя афіцыйныя паведамленні і тлумачэнні адносна марыйных аб’яўленняў у Меджугор’і.
Падрыхтаваў Аляксандр Панчанка