Пошук

17.10.2012 10:46  

У 1947 г. на берагах Мёртвага мора, у адной з пячор Кумранскай пустыні двума хлопцамі-бедуінамі была знойдзена незвычайная рэч. Шукаючы казу, якая адбілася ад статку, яны заўважылі вузкую шчыліну ў скале. Яна вяла ў невялічкую пячору, а дакладней калідор.


Тут, сярод смецця і раскіданага глінянага посуду, стаялі восем закрытых збаноў. Яны аказаліся пустымі за выключэннем аднаго — у ім знаходзіліся тры скураныя скруткі, абгорнутыя старой тканінай. Іх унутраны бок утрымліваў на сабе літары. Бедуіны былі неадукаванымі і не змаглі зразумець, што перад імі, але аб адным яны ведалі дакладна — гэта рэчы, якія можна выгадна прадаць.

Так пачаўся доўгі шлях таямнічых скруткаў, якія праз два гады сталі сапраўднай сусветнай сенсацыяй. Частка з іх патрапіла да сіра-праваслаўнага архіепіскапа Іерусаліма Афанасіяса Самуіла. Ён зразумеў, што перад ім фрагменты тэкстаў Старога Запавету, напісаныя на старажытнаяўрэйскай мове. Па яго просьбе спецыялісты з Амерыканскай школы ўсходніх даследаванняў у Іерусаліме правялі экспертызу. Вынікі яе былі сенсацыйнымі — тэксты на скрутках былі напісаны ў І ст. н.э.

Навукоўцы пачалі шукаць іншыя фрагменты манускрыптаў. У выніку раскопак было знойдзена каля 500 фрагментаў пергаменту са старажытнымі запісамі. Паводле навукоўцаў, калісьці тут было каля 50 сасудаў і каля 150 скруткаў, частка з якіх была разрабавана яшчэ ў старажытнасці. Акрамя таго, былі адкрыты яшчэ 11 падобных пячор побач.

Канешне, першае пытанне, якое ўзнікла: што за людзі іх пакінулі там? Каму магло прыйсці ў галаву пасяліцца ў мёртвай пустыні, сярод голых камяністых скалаў? Трэба адзначыць, што ў выніку раскопак быў адкрыты цэлы комплекс памяшканняў. Ён быў пабудаваны яшчэ ў ІІ ст. да н.э., а людзі ў ім жылі прыкладна да 70 г. пасля нараджэння Хрыста — да разбурэння Іерусаліма ў выніку яўрэйскага паўстання. Хутчэй за ўсё, скруткі былі імі схаваны ў выніку тых трагічных падзей, каля 66–68 гг., незадоўга да прыходу рымскага войска.

Але кім былі гэтыя людзі? Частка навукоўцаў лічыць, што тут жылі члены яўрэйскай секты эсэяў. Аб гэтым пісаў у старажытнасці яшчэ Пліній Старэйшы: «На захад ад Мёртвага мора, на некаторай аддаленасці ад шкоднай зоны каля берага і па-за ёй, жылі эсэі — народ абасоблены і самы дзіўны з усіх, без жанчын, без любові, без грошай і сярод пальмаў. Аднак яны заўсёды абнаўляюцца, і да іх прыходзяць новыя — людзі, якія стаміліся ад жыцця ці якія шукаюць іншага вобразу існавання. Такім чынам, ужо тысячы стагоддзяў існуе гэты незвычайны народ, у якім ніхто не нараджаецца».

Праліць святло на таямніцу кумранскіх скруткаў змаглі ў першую чаргу яны самі. Для вывучэння сабранага матэрыялу была створана спецыяльная даследчая група, у якую ўвайшлі спецыялісты з розных краін свету. Стан манускрыптаў быў вельмі кепскі, таму, каб расшыфраваць тое, што ў іх утрымлівалася, спатрэблілася шмат часу і сіл.

Аднак, калі вучоныя яшчэ толькі пачалі разгадваць іх таямніцу, два «незалежныя» даследчыкі, француз і англічанін, паспяшалі апублікаваць сваё ўласнае «сенсацыйнае адкрыццё». Паводле іх, кумранскія скруткі ўтрымлівалі ў сабе інфармацыю, якая абвяргала ўсё, чаму навучае Касцёл! Імі была напісана кніга «Таямніца Мёртвага мора». Яна на працягу некалькіх гадоў была адным з бестсэлераў — было прададзена каля 3 мільёнаў асобнікаў ва ўсім свеце.

Пісьменнікі напісалі, што паводле кумранскіх скруткаў, эсэі чакалі прышэсця «настаўніка справядлівасці», які быў укрыжаваны і пахаваны. Нібыта правобраз Езуса Хрыста ўжо існаваў у эсэяў. «Рукапісныя скруткі Мёртвага мора — самы вялікі выклік хрысціянскаму навучанню з часоў з’яўлення дарвінізму!» — казалі аўтары гіпотэзы.

Канечне, няма ніякіх сумніваў у тым, што яўрэйскія секты існавалі яшчэ да ўзнікнення хрысціянства. Але тое, што было напісана ў знойдзеных манускрыптах, не абвяргае ніводзін з хрысціянскіх дагматаў. Безумоўна, некаторыя паралелі з хрысціянствам у эсэяў былі. Але гэта лёгка тлумачыцца супольным паходжаннем ад іўдаізму. «Такім чынам, калі эсэйства ўтрымлівае некаторыя элементы, што ўгнаілі глебу, на якой затым узнікла хрысціянства, то не менш відавочна, што хрысціянства ўяўляе сабой нешта абсалютна новае, нешта, што можна патлумачыць толькі асобай Езуса Хрыста», — піша з гэтай нагоды адзін з самых буйных даследчыкаў кумранскай праблемы Ж. Мілік, супрацоўнік парыжскага Нацыянальнага цэнтра навуковых даследаванняў.

Чым жа на самой справе цікавыя кумранскія манускрыпты? Перш за ўсё яны ўзбагацілі каштоўнымі фактамі агульную гісторыю і гісторыю рэлігій, мовазнаўства, палеаграфію, гісторыю літаратуры і права. Сёння вядома, што большасць кумранскіх знаходак утрымлівае біблійныя тэксты і апокрыфы. У іх ёсць інфармацыя аб календары эсэяў, паводле якога святкаваў Пасху Езус, аб добраахвотным цэлібаце замужніх жанчын, што тлумачыць чысціню Панны Марыі, і іншыя факты, якія дапамагаюць лепш разумець Святое Пісанне і эпоху, калі жыў Хрыстус.


Паводле кнігі Міхаэля Хэзэмана «Contro la Chiesa» і артыкула А. Ю. Нізоўскага «Таямніца кумранскіх скруткаў» падрыхтаваў Аляксандр Панчанка

Абноўлена 05.06.2017 13:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.