Часта можна пачуць меркаванне, што Касцёл абмяжоўваў доступ людзей да ведаў праз існаванне спецыяльнага спісу забароненых кніг. Сапраўды, у 1588 г. быў створаны «Index librorum prohibitorum» — спіс кніг, забароненых Каталіцкім Касцёлам. Ён быў складзены Кангрэгацыяй Святой Рымскай і Паўсюднай Інквізіцыі ў перыяд Пантыфікату Паўла VI.
На працягу стагоддзяў гэты спіс змяняўся і дапаўняўся, а яго гісторыя скончылася разам з існаваннем Рымскай інквізіцыі ў 1966 г, калі пасля Другога Ватыканскага Сабору гэтае ведамства было перайменавана ў Кангрэгацыю Веравучэння. Але ці сапраўды Касцёл імкнуўся абмежаваць развіццё навукі і адукаванасці людзей? Ці, можа, гэты спіс быў створаны з іншай мэтай? Аб гэтым мы пагаворым сёння.
Па-першае, неабходна адзначыць, што Касцёл ніколі не перашкаджаў развіццю навукі. Так, да некаторых ідэй ён ставіўся падазрона. Напрыклад, у выпадку з Галілеем: Касцёл не адмаўляў існаванне геліяцэнтрычнай сістэмы, але з улікам таго, што не існавала яе стопрацэнтных доказаў, разглядаў яе толькі як тэорыю.
Думаю, не варта нагадваць аб шматлікіх людзях, блізкіх да Касцёла, якія зрабілі фундаментальныя навуковыя адкрыцці, як, напрыклад, Капернік. Ці аб знакамітай сістэме каталіцкай адукацыі, дзякуючы якой Еўропа стала адукаванай. Такім чынам, абвінавачванні ў тым, што Касцёл быў перашкодай для развіцця навукі, з’яўляюцца надуманымі. Ён, наадварот, стымуляваў навуку ісці ў правільным накірунку — быць на службе праўдзе і дабру чалавека.
Дык навошта быў прыдуманы спіс забароненых кніг? Каб адказаць на гэтае пытанне, варта паглядзець на ідэнтычнасць сярэднявечнага чалавека. Яго свет круціўся вакол таго, што было самым галоўным у жыцці, — веры. Усё жыццё было падпарадкавана адной мэце — збаўленню. Усё, што аддаляла ад веры, — аддаляла ад збаўлення.
Касцёл пачаў казаць аб шкоднасці тых ці іншых ератычных кніг яшчэ ў раннія гады сваёй гісторыі. Напрыклад, пасля Нікейкага Сабору былі забаронены кнігі Арыя. Затым, у 405 г., папа Інакенцій І стварыў спіс апакрыфічных кніг, папа Леў Вялікі забараніў чытаць маніхейскія тэксты, а Геласій І у 496 — язычніцкія. У 787 г., на Другім Нікейскім Саборы, было прынята распараджэнне аб тым, што ератычныя кнігі вернікі павінны перадаваць свайму біскупу, а не трымаць іх схаванымі.
У XVI ст., калі сталі шырока распаўсюджвацца пратэстанцкія ідэі, былі створаны першыя каталогі забароненых кніг. У іх, між іншым, увайшлі кнігі Марціна Лютэра. Трэба падкрэсліць, што гэтыя каталогі складалі высокаадукаваныя і кампетэнтныя выкладчыкі ўніверсітэтаў і спецыялісты ў розных сферах навукі. Складаннем «Index librorum prohibitorum» займалася спецыяльная камісія кардыналаў. У прадмове да яго адзначалася, што «ніхто не мог пісаць, друкаваць, прадаваць, набываць, пазычаць, дарыць, атрымліваць, насіць з сабой, захоўваць кнігі, пазначаныя ў спісе святой інквізіцыі». Першапачаткова ў спіс былі уключаны 126 кніг 117 аўтараў, а таксама 332 ананімныя кнігі.
Акрамя таго, у спіс уваходзілі 45 выданняў Бібліі, пераклад якіх рабіўся на нацыянальныя мовы без узгаднення з касцёльнымі ўладамі. Накладалася забарона на чытанне прадукцыі нават цэлых тыпаграфій, часцей за ўсё швейцарскіх і нямецкіх. Забараняліся кнігі аб магіі і астралогіі. У спісе былі твор Дантэ «Аб манархіі» і Макіявэлі «Мая справа».
Спіс, ці «Index», забароненых кніг існаваў да Другога Ватыканскага Сабору. У яго ўваходзілі кнігі, якія не павінны былі патрапіць у рукі людзей са слабой верай. Іншыя кнігі чытаць было можна. Часта нават сёння ў семінарыях таксама ёсць аддзел, у які бібліятэкар дапускае клерыкаў толькі па спецыяльным дазволе. Гэты аддзел зачыняецца на ключ, і каб пачытаць кнігі, якія там захоўваюцца, неабходна пытацца дазволу кіраўніцтва. Не кожны таксама гэты дазвол можа атрымаць.
Праз «Index» забароненых кніг Касцёл думаў аказаць вялікую паслугу вернікам. Яе можна параўнаць з клопатам маці, якая кажа свайму дзіцяці: не дакранайся да гэтага, бо можаш параніцца.
Сёння Касцёл дзейнічае іншым чынам, і прычына гэтага ў тым, што сродкі камунікацыі не абмяжоўваюцца толькі кнігамі. Вакол чалавека вельмі шмат рознай інфармацыі, і часта яна ўяўляе для душаў людзей сапраўдную пагрозу. Нягледзячы на тое, што «Index» забароненых кніг больш не існуе, аднак у галіне тэалогіі Касцёл яшчэ кажа: тая ці іншая кніга не можа выкарыстоўвацца для вучобы, бо ўтрымлівае сцвярджэнні, якія супярэчаць навучанню Каталіцкага Касцёла.
Падрыхтаваў Аляксандр Панчанка