Другі Ватыканскi Сабор асаблiвым чынам падкрэслiў нашу цесную сакрамэнтальную сувязь з Праваслаўнымi Цэрквамi1, а папа Павел VI дадаў, што гэтая лучнасць такая глыбокая, што «малага ëй не хапае, каб дасягнула паўнаты, дазваляючай супольнае цэлебраванне Эўхарыстыi»2.
Калi Святога Айца Бэнэдыкта XVI у час падарожжа на Кiпр журналiсты запыталiся, якiя перспектывы мае тэалагiчны дыялог з праваслаўнымi, ëн указаў на тры важныя элементы адзiнства, дзякуючы якiм католiкi i праваслаўныя ўсë больш зблiжаюцца3:
1) Бiблiя не з’яўляецца кнiгай, якая нам упала з неба, каб кожны мог яе проста так узяць сабе. Бiблiя не з’яўляецца чымсьцi асобным i самадастатковым, але паўстала ў Божым народзе i далей жыве i iснуе ў гэтым Божым народзе. Такiм чынам Святое Пiсанне можна правiльна прачытаць i зразумець i жыць iм толькi ў Касцëле i ў святле традыцыi. Усведамленне гэтага ëсць асновай як для праваслаўя, так i для каталiцызму i адчыняе для нас супольны шлях.
2) Традыцыя, якая дае нам доступ да Святога Пiсання, мае таксама форму iнстытуцыi, асвячоную сакрамэнтальна, форму асабовую — калегiю бiскупаў, якая з’яўляецца адначасова сведкай i месцам прысутнасцi гэтай традыцыi.
3) Вызнанне веры, сфармуляванае на Сямi старажытных Саборах, пераказвае нам галоўную навуку Святога Пiсання i з’яўляецца ключом для яго зразумення.
Затрымаемся крыху на трэцiм пункце. Што гэта за вызнанне веры? Галоўным такiм тэкстам з’яўляецца, безумоўна, Сiмвал веры, якi мы прамаўляем на св. Iмшы ў нядзелi i ўрачыстасцi4. Але ëсць i iншыя тэксты. Напрыклад, у I Нядзелю Вялiкага посту праваслаўныя адзначаюць «Торжество Православия». Часцей за ўсë цяпер выкарыстоўваецца карацейшы варыянт службы, але ў некаторых храмах можна пачуць i поўны, у якiм гучаць анафемы на ерэтыкоў — гэта такая старажытная форма вызнання веры «ад супрацiўнага», г.зн. ува што нельга верыць, каб захавацца ў веры правiльнай. Вось яны5:
Тым, хто адкідвае існаванне Бога і сцвярджае, што гэты свет існуе сам з сябе, і ўсё ў ім здзяйсняецца без Божага Провіду, выпадкова — анафема.
Тым, хто кажа, што Бог не з’яўляецца духоўным, але матэрыяльным; а таксама не прызнае Яго справядлівым, міласэрным, наймудрэйшым, усё ведаючым, і падобныя гэтым блюзнерствы гаворыць — анафема.
Тым, хто асмельваецца сцвярждаць, што Сын Божы не з’яўляецца адзінасутным і роўным Айцу, або такое сцвярджаюць пра Духа Святога; а таксама тым, якія не вызнаюць Айца, і Сына і Духа Святога адзіным Богам — анафема.
Тым, хто дазваляе сабе казаць, што для нашага збаўлення і ачышчэння ад грахоў не патрэбна было, каб Сын Божы прыходзіў у свет у целе, дабравольна цярпеў, памёр і ўваскрос — анафема.
Тым, хто не прымае ласкі адкуплення, якая была абвешчана нам Евангеллем, як адзінага сродка для нашага апраўдання перад Богам — анафема.
Тым, хто асмельваецца сцвярджаць, што Найсвяцейшая Панна Марыя не была перад [Божым] нараджэннем, у нараджэнні і пасля нараджэння Дзеваю — анафема.
Тым, хто не верыць, што Дух Святы асвяціў розум прарокам і апосталам, і праз іх абвясціў нам праўдзівы шлях збаўлення, і засведчыў гэта цудамі; а таксама, што Ён і цяпер жыве ў сэрцах верных і сапраўдных хрысціянаў, і навучае іх усялякай праўдзе — анафема.
Тым, хто адкідвае праўду аб несмяротнасці душы, аб канцы свету, будучым судзе і аб вечнай адплаце за цноты на нябёсах, а за грахі — асуджэнні — анафема.
Тым, хто адкідвае сакрамэнты Святой Хрыстовай Царквы — анафема.
Тым, хто адкідвае Саборы святых Айцоў і іх традыцыю, згодную з Божым Аб’яўленнем, якая верна захоўваецца ў Святой Праваслаўна-Каталіцкай Царкве — анафема.
Тым, хто зневажае святыя абразы, праз якія Святы Касцёл прыпамінае дзеянні Бога і святых Яго, заахвочвае, гледзячых на іх, да цнатлівасці і пераймання добрага прыкладу; тым, хто кажа, што яны [абразы] з’яўляюцца ідаламі — анафема.
Калi з гэтай, можа, крыху грознай старажытнай формы паспрабаваць выдабыць вызнанне веры, то «Торжество Православия» аказваецца вельмi нават каталiцкiм па свайму зместу. Да iнакш i не можа быць, бо гэтае свята было ўстаноўлена яшчэ перад падзелам — у 843 годзе.
Яшчэ ў сваiм адказе журналiстам Святы Айцец узгадаў, што нас з праваслаўнымi таксама аб’ядноўвае любоў да Мацi Божай. Дзякуючы гэтаму можна мець глыбокую надзею, што Яе малiтвы дапамогуць нам вярнуць некалi згубленае поўнае i бачнае адзiнства.
Бр. Яраслаў Крыловіч
- Пар. Дэкрэт пра экуменізм Другога Ватыканскага Сабору 14-15
- Катэхізіс Каталіцкага Касцёла 838
- Пар. Прэс-канферэнцыя Бэнэдыкта XVI 4 чэрвеня 2010 г. у час падарожжа на Кіпр.
- Пра невялiкае адрозненне ў Сiмвалах веры раскажам крыху пазней.
- Пераклад з царкоўна-славянскай бр. Яраслава К. (непрафесiйны). Падрабязней пра «Торжество Православия» глядзіце тут.