На шляху да свята Божага Нараджэння запрашаем паслухаць разважанні пра ключавых асоб Адвэнту, падрыхтаваныя дасведчаным духоўным кіраўніком — айцом Паўлам Касіньскім SІ.
Ян Хрысціцель
Звычайна ён уяўляецца нам аскетычным прарокам, чалавекам, які застаецца ў пустыні і пакутуе. Але заклік, які ён скіроўвае свету, сцісла звязаны з ягонымі бясплоднымі бацькамі, Захарыем і Альжбетай. Гісторыя нараджэння на свет гэтага дзіцяці, выбару імя, цуду, перажытага ягоным бацькам, і сталення юнака да сваёй жыццёвай місіі — такая самая Божая навіна для мяне, як і ўся пазнейшая дзейнасць Яна.
У слабасці чалавека магутна выяўляецца Божая моц. Няхай гісторыя Яна Хрысціцеля вядзе нас па Адвэнтавым шляху ў сённяшнім разважанні.
Ян быў чалавекам суровым і бескампрамісным, меў яснае ўсведамленне сваёй жыццёвай місіі. Ягоная веліч была не ў здзяйсненні чагосьці захапляльнага, але ў тым, што свету, які страціў добрую дарогу, ён паказаў постаць Збаўцы і потым здолеў цешыцца, што людзі ідуць за Езусам. Ян не зайздросціў гэтаму. Ён ведаў, што пасланы перад Месіяй і быў рады, што Пан узрастае, а ён змяншаецца.
«Вы самі мне сведкі ў тым, што я сказаў: я не Месія, але я пасланы перад Ім. Хто мае нявесту, той жаніх; а сябар жаніха, што стаіць і слухае яго, вельмі радуецца голасу жаніха. Гэтая радасць мая поўная. Яму трэба ўзрастаць, а мне станавіцца меншым».
(пар. Ян 3, 28-30)
Альжбеце ж надышоў час нараджаць, і яна нарадзіла сына. Калі пачулі суседзі і сваякі яе, што Пан учыніў вялікай міласэрнасць сваю да яе, радаваліся разам з ёю. На восьмы дзень прыйшлі абразаць дзіця і хацелі назваць яго імем бацькі ягонага, Захарыем. Але, адказваючы, маці ягоная сказала: «Не, але будзе названы Янам». Тады сказалі ёй: «Няма нікога з тваёй радні, хто б называўся такім імем».
У бацькі ж ягонага пыталіся на мігах, як бы хацеў назваць яго. Ён, папрасіўшы таблічку, напісаў: «Ян — імя яго». І ўсе здзівіліся. У гэты момант адразу адкрыліся вусны ягоныя і развязаўся язык ягоны, і ён загаварыў, праслаўляючы Бога. Ахапіў страх усіх суседзяў іхніх, і па ўсёй горнай краіне Юдэі яны расказвалі пра ўсё гэта. Усе, хто чуў, разважалі пра гэта ў сэрцах сваіх і казалі: «Што ж гэта будзе за дзіця?» Бо рука Пана была з ім.
А Захарыя, бацька яго, напоўніўся Духам Святым і прарочыў, кажучы: «А ты, дзіцятка, прарокам Найвышэйшага будзеш названа, бо пойдзеш прад абліччам Пана падрыхтаваць шляхі Яму; каб даць народу Ягонаму пазнаць збаўленне праз адпушчэнне яго грахоў, дзякуючы сардэчнай міласэрнасці нашага Бога, у якой наведаў нас Усход з вышыні; каб асвятліць тых, хто сядзіць у цемры і ў цені смяротным; каб накіраваць ногі нашыя на шлях спакою». А дзіця расло і ўзмацнялася духам, і заставалася на пустыні да дня свайго з’яўлення перад Ізраэлем.
(Лк 1, 57–67. 76–80)
Наданне імя — важны момант у жыцці кожнага чалавека. Імя апісвае мяне, надзяляе выключнасцю, дазваляе адчуваць сябе асаблівым, адзіным. Разам з імем мы атрымліваем цэлы воз гісторыі, досведу, а таксама сацыяльны кантэкст, пачуццё прыналежнасці і карані. Няхай загучыць у маіх вушах жаданне Альжбеты і Захарыі: «Будзе названы Янам». Гэтае імя даў яму Бог, які дзейнічае, пераадольвае бясплоднасць і чалавечую немач, вызвале ад ганьбы. Альжбета і Захарыя — бацькі, якія стаяць за сваім дзіцем, свядомыя таго, што яно даверана ім Богам і мае стаць Ягоным пасланцам у свеце.
Суседзі і сваякі, бачачы, што сталася падчас абразання Яна, дзівіліся і разважалі, кім ён будзе. Захарыя прадказвае, што дзіця стане прарокам і будзе рыхтаваць шляхі Месіі.
Атачэнне адыгрывае важную ролю ў жыцці кожнага чалавека. Можа перашкаджаць, адцягваць нас, замінаць ралізацыі нашага паклікання, але можа таксама быць дапамогай, натхненнем, можа дапамагаць нам станавіцца тым, кім Бог хоча нас бачыць. Гэта адказнасць і ў той жа час заданне.
Ян Хрысціцель не адразу быў прарокам, якога мы ведаем са старонак Евангелля. Паколькі меў старых бацькоў, то, верагодна, хутка іх страціў. Аднак у сям’і пэўна засталася памяць пра тыя важныя перажыванні. Суседзі не раз апавядалі, што тады адбывалася. Памяць пра вялікія Божыя справы жыла і фармавала Яна. А хлопчык «рос і ўзмацняўся духам». Пустыня гартавала ягоны характар. Ён не дазваляў сабе няўважлівасці. Няйнакш ён сутыкаўся з цяжкасцямі і меў спакусы выбраць іншы шлях. Аднак, у канчатковым выніку, ён прыняў сваю місію і споўніў тое, да чаго быў пакліканы.
Яне Хрысціцелю, праваднік Адвэнту, навучы мяне цаніць сям’ю, бацькоў, традыцыі, перададзеныя мне. Дапамажы не стаць перашкодай для іншых у выбары паклікання. Выпрасі мне адвагу ў спаўненні місіі майго жыцця.