Пошук

26.08.2020 11:11   Тэкст: Бп. Юзаф Станеўскі / Catholic.by
Маці Божая Чэнстахоўская / radiomaryja.pl

26 жніўня, ва ўспамін Маці Божай Чэнстахоўскай, біскуп Юзаф Станеўскі ў сваім блогу піша пра новыя заклікі, дададзеныя нядаўна ў Ларэтанскую літанію да Найсвяцейшай Панны Марыі.

Дарагія сёстры і браты!

Святкуючы сёння літургічны ўспамін Маці Божай Чэнстахоўскай, хочацца яшчэ раз нагадаць пра новыя заклікі, дададзеныя нядаўна Папам Францішкам у адну з самых папулярных і любімых марыйных малітваў — Ларэтанскую літанію. На жаль, не ўсе яшчэ чулі пра гэтыя заклікі, а яны вельмі важныя і актуальныя сёння.

У мінулую суботу мы ўшаноўвалі Маці Божую Марыю ў тытуле Каралевы.

У гэты дзень у нашай краіне, на поўначы і на поўдні, адзначаліся два вялікія фэсты ў Яе гонар: Валадаркі Азёраў у Браславе і Каралевы Палесся ў Лагішыне. А на пачатку ліпеня мы святкавалі на захадзе Беларусі ўрачыстасць Маці Божай Тракельскай, Каралевы нашых сем’яў, і ў самым сэрцы нашай краіны ўшаноўвалі Маці Божую Будслаўскую, Апякунку Беларусі.

Фота Віталія Палінеўскага

У верасні на ўсходзе Беларусі адбудзецца яшчэ адзін марыйны фэст, які мае багатую, але сёння, на жаль, амаль забытую гісторыю — урачыстасць у гонар цудатворнай іконы Маці Божай Бялыніцкай. 20 верасня 1761 года гэты цудадзейны абраз быў каранаваны папскімі каронамі. Тады нашыя продкі спявалі:

«Ты Бялыніцкая Найчысцейшая Дзева,
Святая Маці сірочаго роду,
Літвы і Русі магутная Каралева,
выпрасі ў Сына, каб даў нам свабоду»
(пар. спеўнік Pieśni nabožnyja — «Песні набожныя», 1861 год).

Фэст у Бялынічах. Фота Міколы Гракава

Беручы пад увагу традыцыйную пабожнасць нашага народа, які паўсюдна лічыў і лічыць Марыю сваёй Нябеснай Каралевай і Валадаркай, епіскапат Беларусі пасля кансультацыі з Кангрэгацыяй Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў 9 красавіка 2017 года на сваім пасяджэнні прыняў рашэнне дапоўніць тэкст Ларэтанскай Літаніі на беларускай мове заклікам «Каралева Беларусі». Ён дадаецца ў малітве пасля закліку «Каралева супакою» з 1 мая 2017 года.

Варта ведаць, што за 100 гадоў да гэтага, у маі 1917 года, калі народы былі змучаныя крывавай Першай сусветнай вайной, Папа Бэнэдыкт XV дадаў у Ларэтанскую літанію малітоўны заклік «Каралева супакою, маліся за нас».

Святы Айцец спадзяваўся, што заступніцтва Марыі прынясе чалавецтву такі жаданы мір, і сапраўды неўзабаве Першая сусветная вайна скончылася.

Сёлета ва ўспамін Беззаганнага Сэрца Найсвяцейшай Панны Марыі, які адзначаўся 20 чэрвеня, Папа Францішак дадаў у тэкст Літаніі да Найсвяцейшай Панны Марыі тры новыя заклікі: «Маці міласэрнасці» (пасля закліку «Маці Касцёла»), «Маці надзеі» (пасля закліку «Маці ласкі Божай») і «Палёгка мігрантаў» (пасля закліку «Прытулак грэшных»).

Фэст у Браславе. Фота Віталія Палінеўскага

Дарагія браты і сёстры, якія ж яны важныя і актуальныя гэтыя заклікі-звароты да нашай нябеснай Матулі: «Каралева Беларусі», «Маці міласэрнасці», «Маці надзеі», «Палёгка мігрантаў»!

І па-ранейшаму найбольш актуальны — «Каралева супакою».

Ва ўспамін Маці Божай Каралевы на святой Імшы мы пачулі ўрывак з Евангелля паводле святога Лукі пра Звеставанне Нараджэння Езуса. Марыя, пачуўшы словы анёла Габрыэля, спачатку збянтэжылася (пар. Лк 1, 26–29). І не дзіўна: тое што Марыя пачула, кардынальна змяняла ўсё Яе жыццё — цяперашняе і будучае. Толькі пасля поўнага даверу дыялогу з нябесным пасланцом Марыя супакоілася — у Яе сэрцы запанаваў супакой.

Фэст у Тракелях. Фота Віталія Палінеўскага

Сябры, мы часта молімся праз заступніцтва Божай Маці ў розных справах, а сёння асабліва аб супакоі, згодзе і еднасці для нашага народа. Між тым мала хто моліцца аб ласцы ўмення наследаваць Марыю ў штодзённым жыцці: прымаць Божую волю і ўсё рабіць так, як рабіла Яна.

А між тым Марыя з’яўляецца найпрыгажэйшым вобразам чалавека!

Менавіта ў Яе варта навучыцца ўзгадняць нашыя планы і мары з Божай воляй: Яна вучыць нас, наведваючы святую Альжбету, што трэба дзяліцца радасцю веры, быць чулымі да патрэбаў іншых людзей, як гэта было ў Кане Галілейскай. Нарэшце, Марыя, стоячы пад крыжам свайго Сына Езуса Хрыста, вучыць нас, як трэба зносіць цярпенне сваё і свайго Сына — іншага чалавека.

Фэст у Лагішыне. Фота: бр. Корнэль Консэк SVD
Варта маліцца і прайсці «школу Марыі», як казаў святы Ян Павел II, каб не згубіцца ў складаных жыццёвых абставінах сённяшняга дня.

Імкненне вучыцца ў Найсвяцейшай Панны і наследаваць Яе ў жыцці значна паглыбіць нашую духоўнасць, зробіць яе больш сталай, а Марыя стане не толькі сапраўднай Каралевай нашага народа, але, больш за гэта, Каралевай майго сэрца.

З малітвай аб дыялогу і еднасці

біскуп Юзаф Станеўскі

Абноўлена 26.08.2020 13:18
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа