22 жніўня ўрачыстай святой Імшой на палявым алтары-караблі ў Браславе завяршыўся сёлетні фэст у гонар Маці Божай Валадаркі Азёраў.
Галоўную адпустовую цэлебрацыю ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
На пачатку Эўхарыстыі гасцінны гаспадар біскуп Віцебскі Алег Буткевіч нагадаў, што на працягу аднаго тыдня Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі ўжо ў другі раз моліцца ў Віцебскай дыяцэзіі. У мінулую нядзелю арцыбіскуп Кандрусевіч разам з вернікамі Валкалаты святкаваў 600-годдзе іх парафіі і 150-годдзе з моманту пабудовы цяперашняга касцёла.
Біскуп Алег шчыра прывітаў шматлікіх сабраных на святой Імшы вернікаў, а таксама тых, хто духоўна да іх далучыўся дзякуючы адразу дзвюм прамым трансляцыям — на Радыё Марыя і на партале Catholic.by. Пастыр Віцебскай дыяцэзіі адзначыў, што хоць сёлета з-за складанай эпідэміялагічнай сітуацыі не было арганізаваных пілігрымак, аднак на ўрачыстасць сабралася вялікая колькасць гасцей з розных куткоў Беларусі. Некаторыя з іх ехалі на роварах, а глыбачанін Генадзь Бервячонак самастойна прыйшоў у Браслаў пешкі са свайго роднага горада. Для яго гэта была ўжо трэцяя пілігрымка за гэты год. Першую ён здзейсніў з Росіца ў Будслаў, а другую — з Барысава ў Росіцу.
Як падлічыў біскуп Алег Буткевіч, мужны пілігрым правёў у дарозе 20 дзён і пешкі пераадолеў больш за 600 кіламетраў.
Вядома, людзі ідуць і едуць да святыняў не для таго, каб ставіць нейкія рэкорды і ганарыцца дасягненнямі. Іх вядзе сюды імкненне духоўна ўмацавацца і папрасіць у Бога праз заступніцтва Яго святых і перадусім Найсвяцейшай Панны Марыі таго, што без Божай дапамогі здаецца неверагодным. Але тое, што немагчыма для людзей, магчыма для Бога — неабходна толькі Яму бязмежна давяраць, як рабіла гэта Марыя і таму была паклікана адыграць ключавую ролю ў гісторыі збаўлення. Менавіта прыклад веры Марыі быў у цэнтры Божага слова, якое прамовіў на ўрачыстасці ў Браславе арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
Перадусім іерарх зазначыў, што Божае абяцанне збаўлення ажыццяўляецца не ў вырашэнні эканамічных, палітычных і сацыяльных праблем гэтага свету, але ў поўнай даверу душы пакорнай Божай Слугі Марыі.
«Гісторыя збаўлення — гэта пастаянныя намаганні аднавіць адносіны паміж Богам і стварэннем. Евангелле пра Звеставанне дае адказ на пытанне, як аднавіць сяброўства паміж Богам і чалавекам. Марыя не хаваецца ў страху ад Бога, як Адам і Ева пасля грэхападзення, але ўваходзіць з Ім у дыялог. <…> Калі страх з’яўляецца плёнам граху, то давер — гэта плён ласкі. Марыя прадстаўляе новага чалавека з адноўленым даверам да Бога», — падкрэсліў арцыпастыр.
«Гэта вельмі важны прыклад для кожнага з нас і для ўсёй нашай краіны, якая перажывае небачаны дагэтуль грамадска-палітычны крызіс. Братэрскія адносіны ў нашым грамадстве немагчымыя без праўды», — сцвердзіў кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату. Ён дадаў, што сёння, калі многія з нас адчуваюць страх і разгубленасць перад будучыняй, якая невядомая, асабліва важна ісці наперад з Богам, для якога няма нічога немагчымага.
«Без Божай ласкі немагчыма вярнуць братэрства і давер паміж людзьмі і будаваць нармальныя адносіны ў грамадстве. Немагчыма прабачыць і давяраць іншым людзям. Таму мы павінны прасіць у Бога дару Яго ласкі і развіваць адносіны з Ім; прасіць ласкі прабачыць адзін аднаму, не баяцца і любіць адзін аднаго, як Ён палюбіў нас», — заахвоціў арцыбіскуп.
Ён нагадаў, што Марыя, поўная ласкі, сама сябе называе Слугою і ўсё сваё жыццё служыць Богу і людзям, паказваючы такім чынам, як павінна выглядаць сапраўдная ўлада.
«Езус таксама кажа, што той, хто хоча быць першым, павінен быць апошнім і слугой усіх. Такі хрысціянскі падыход да ўлады для некаторых людзей з’яўляецца цяжкім для зразумення. Марыя, Валадарка Азёраў — наша Каралева. Яе ўлада — у служэнні Богу і бліжняму. Усім неабходна памятаць пра гэта асабліва цяпер, калі наша краіна перажывае нябачаны дагэтуль грамадска-палітычны крызіс, выкліканы нядаўнімі выбарамі.
Калі ўлада будзе разумецца і выконвацца як служэнне, то будзе неактуальным стары лацінскі прынцып do ut des — „даю, каб і ты даў“, або „рука руку мые“. Такі карыслівы спосаб выканання ўлады вядзе да яе дыскрэдытацыі
Згодна з духам Евангелля і сацыяльнага вучэння Касцёла, улада павінна служыць людзям і дбаць пра агульнае дабро ўсіх без выключэння грамадзянаў. У сучасным дэмакратычным грамадстве нармальнай справай павінна быць розніца поглядаў, а іншадумцаў ні ў якім выпадку нельга лічыць „адшчапенцамі“ ці ворагамі — гэта шлях да канфрантацыі. Пры гэтым кожная палітычная і грамадская сіла павінна служыць не сваім вузкім інтарэсам і выгодам, а ўсяму народу.
Каб гэта адбылося, неабходная перамена сэрцаў. Гэта першы і самы важны крок, які мы павінны зрабіць на шляху да перамен, якіх мы чакаем. Без перамены сэрца не будзе сапраўднай перамены грамадства», — сцвердзіў арцыпастыр.
Падводзячы выснову, ён сказаў:
«Марыя, якая адкрылася для Святога Духа, сёння ў лёсавызначальны час нашай гісторыі заклікае і нас адкрыцца для Яго жыватворчага дзеяння, каб і ў нас сваёй ласкай нарадзіўся Езус — Валадар сусвету, і каб у цемры, у якой мы цяпер знаходзімся, заззяла для ўсіх святло надзеі. На гэтым шляху нас суправаджае Марыя — наша Маці і Каралева».
На заканчэнне цэлебрацыі біскуп Алег Буткевіч у адмысловай малітве прысвяціў Віцебскую дыяцэзію матчынаму заступніцтву Валадаркі Азёраў. Завяршылася святая Імша беларускім рэлігійным гімнам «Магутны Божа» — шчырай малітвай за Бацькаўшчыну ў самы складаны момант яе найноўшай гісторыі.