Пошук

07.07.2020 08:02   Паводле: кс. Юрый Марціновіч / Grodnensis.by

2 ліпеня ў дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях праходзіла штогадовая адпустовая ўрачыстасць Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі.

Як паведамляе партал Grodnensis.by, aпошнім пунктам у праграме ўрачыстасці была вячэрняя Імша на палявым алтары, цэлебрацыю якой узначаліў Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі. Затым падчас Марыйнага закліку вернікі, трымаючы запаленыя свечкі, дзякавалі Маці Божай за апеку і ўсе ласкі.

На Эўхарыстыі сабраліся шматлікія пілігрымы, якія прыбылі ў індывідуальным парадку.

Вернікі прысутнічалі часта цэлымі сем’ямі.

Разважанне падчас Марыйнага закліку правёў настаяцель супольнасці айцоў рэдэмптарыстаў у Гродне а. Анджэй Ядкоўскі CSsR.

На заканчэнне кусташ санктуарыя кс. Юрый Бяганскі падзякаваў пілігрымам за іх веру і прывязанасць да Найсвяцейшай Маці, якія яны выразілі, прыбыўшы ў гэтае святое месца.

5 ліпеня ў санктуарыі зноў сабралося шмат пілігрымаў. Некаторыя прыбылі на аўтамабілях, іншыя — у пешых або роварных пілігрымках у індывідуальным парадку.

Спачатку ўсе накіроўваліся ў маленькую драўляную святыню, каб прадставіць Маці Божай свае інтэнцыі і просьбы. Вернікі маліліся ў цішыні, даручаючы Каралеве нашых сем’яў свае сямейныя планы.

Затым на палявым алтары адбылася ўрачыстая святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў біскуп Юзаф Станеўскі.

У гаміліі іерарх адзначыў, што ў Тракелі прыбываюць шматлікія пілігрымы са сваімі просьбамі і марамі. Ён дадаў, што ў кожнага чалавека ёсць мары, а ў першую чаргу мара аб любові, згодзе ў сям’і, паслухмяных дзецях, міры ў свеце, і тракельскі санктуарый — тое месца, дзе пра гэтыя мары можна і нават трэба сказаць Маці Божай.

«Мы прыходзім сюды ў школу Марыі, каб прасіць Яе аб радзе і дапамозе», — падкрэсліў біскуп, заахвоціўшы стаць перад цудадзейнай выявай Найсвяцейшай Панны з даверам і верай маленькага дзіцяці.

Іерарх узгадаў св. Яна Паўла ІІ, стагоддзе нараджэння якога адзначаецца сёлета, і заклікаў пілігрымаў па яго прыкладзе цалкам аддацца Марыі, даручыць Ёй свой сённяшні і заўтрашні дзень.

Падчас Эўхарыстыі маліліся таксама ў інтэнцыі ўсіх сем’яў Гродзенскай дыяцэзіі.

Тракельскі санктуарый з’яўляецца ў дыяцэзіі асаблівым месцам, дзе пастаянна адбываецца гарачая малітва за сем’і, каб яны былі моцныя Богам і будавалі сваю будучыню на хрысціянскіх каштоўнасцях.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.