Пошук

27.05.2019 10:56   Паводле: KAI / Пераклад: Мікола Гракаў / Catholic.by
Ноч адкрытых святыняў 2019. Фота: kathpress.at

Каля 360 тыс. чалавек узялі ўдзел у «ночы адкрытых святыняў», якая ўжо ў 15-ы раз праходзіла ў Аўстрыі ў пятніцу 24 мая.

Паводле інфармацыі арганізатараў, якую перадае Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, да позніх гадзін па ўсёй краіне было адчынена каля 800 касцёлаў, кляштараў і парафіяльных цэнтраў, якія падрыхтавалі для наведвальнікаў цікавыя праграмы. Гэта былі не толькі малітвы, але таксама канцэрты, фільмы, пазнавальныя экскурсіі, выставы, канферэнцыі і дыскусіі.

У «ночы адчыненых святыняў» удзельнічалі ўсе 16 Касцёлаў і касцёльных супольнасцяў, якія ўваходзяць у Аўстрыйскую экуменічную раду.

Старт «ночы адкрытых святыняў», што складалася з каля трох тысяч мерапрыемстваў, далі званы на ўсіх святынях, якія ўдзельнічалі ў акцыі.

Паводле атрыманых звестак, толькі ў Вене каля 155 тыс. чалавек узялі ўдзел у праграмах, якія падрыхтавалі 190 розных святыняў. Усяго ў 800 месцах культу розных веравызнанняў можна было наведаць больш за 600 зазвычай недаступных месцаў, трапіць на больш як 1000 канцэртаў і ўзяць удзел у сотні дыскусій на сацыяльна-палітычныя тэмы.

Было падрыхтавана 800 малітоўных і духоўных сустрэч, а таксама каля 300 мерапрыемстваў для дзяцей.

Найбольш папулярным у гэтую ноч стаў цэнтр аўстрыйскай сталіцы са славутай венскай катэдрай св. Стэфана. Шмат аматараў духоўнай музыкі сабралася ў гэтую ноч на канцэртах, многія скарысталіся магчымасцю палюбавацца начнымі панарамамі з касцёльных вежаў, а таксама наведаць такія месцы, куды зазвычай не водзяць экскурсіі: сакрыстыі і крыпты.

У чарговы раз «ноч адкрытых касцёлаў» праходзіла ў Вене пад знакам пераследаваных хрысціянаў.

Па галоўных вуліцах горада прайшоў марш маўчання ў памяць пра ахвяры насілля і пераследу па рэлігійных матывах.

За два дні да выбараў у Еўрапарламент не абышлі ўвагай і тэмы, звязаныя з далейшым развіццём Еўропы і яе хрысціянскімі каранямі.

Біскупскі вікарый у Вене кс. Дарыюш Шуцкі ў размове з каталіцкім агенцтвам Kathpress падкрэсліў, што ініцыятыва Каталіцкага Касцёла ў Аўстрыі за 15 гадоў стала ўжо вельмі «сталай». Наведаўшы шэраг касцёлаў, святар з задавальненнем сцвердзіў, што, з аднаго боку, у дыскусіях закранаецца шмат актуальных тэм, якія хвалююць Касцёл і грамадства, а з другога — што ў Касцёле па-ранейшаму адчуваецца дух свабоды і супакою.

«Людзям патрэбна арыентацыя і давер, і яны знаходзяць гэта ў Касцёле», — дадаў біскупскі вікарый.

Святар таксама паведаміў, што наступная, ужо 16-я «ноч адкрытых святыняў» пройдзе ў Аўстрыі 5 чэрвеня наступнага года.

Абноўлена 27.05.2019 11:50
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа