24 мая, калі адзначаецца ўспамін Маці Божай Успамогі хрысціянаў, з’яўляецца асаблівым днём малітвы за Касцёл у Кітаі, які сёння знаходзіцца ў даволі складанай сітуацыі.
Як паведамляе Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, сёлета гэты дзень кітайскія католікі перажываюць са змяшанымі пачуццямі радасці і смутку.
Радасць звязана са святам Маці Божай Успамогі хрысціянаў, якой прысвечаны кітайскі нацыянальны санктуарый у Шэшане, што знаходзіцца ў прадмесцях Шанхая.
Горыч выклікана перадусім цяжкім становішчам Касцёла ў краіне, якое практычна не змяніла часовае пагадненне, заключанае паміж Кітаем і Святым Пасадам у верасні мінулага года.
Дзень малітваў у інтэнцыі Каталіцкага Касцёла ў Кітаі ўстанавіў папа Бэнэдыкт XVI у сваім лісце да кітайскіх католікаў, падпісаным 27 мая 2007 г. У ім Святы Айцец таксама выказаў сваю глыбокую любоў і павагу да вернікаў у гэтай краіне і з разуменнем той няпростай сітуацыі, у якой яны знаходзяцца, акрэсліў неабходныя ўмовы нармалізацыі адносінаў паміж афіцыйным Пекінам і Святым Пасадам.
Тады ж папа Бэнэдыкт XVI вырашыў, што днём малітвы за Касцёл у Кітаі будзе літургічны ўспамін Маці Божай Успамогі хрысціянаў, якую асаблівым чынам ушаноўваюць вернікі ў нацыянальным санктуарыі ў Шэшане — своеасаблівым «кітайскім Будславе», дзе фэст праходзіць 24 мая.
Мэта гэтага дня — прасіць Найсвяцейшую Дзеву, каб Яна сваім матчыным заступніцтвам дадала сілаў сваім духоўным дзецям ва ўмовах пераследу хрысціянаў, які існуе ў Кітаі з моманту ўсталявання тут камуністычнага рэжыму ў 1949 г. Святы Айцец заклікаў узносіць малітвы да Марыі Успамогі хрысціянаў, каб Яна ўмацоўвала адзінства паміж каталіцкімі супольнасцямі Кітая дзеля дабра ўсяго народа краіны.
У сераду 22 мая папа Францішак на заканчэнне агульнай аўдыенцыі нагадаў пра дзень малітваў за Касцёл у Кітаі і запэўніў кітайскіх вернікаў у сваёй асаблівай блізкасці і цёплых пачуццях да іх. Ён скіраваў да іх просьбу трываць у еднасці з паўсюдным Касцёлам сярод штодзённых цяжкасцяў і выпрабаванняў.
Нацыянальны санктуарый у Шэшане ўжо больш за паўтара стагоддзя з’яўляецца месцам пілігрымак.
Туды штогод прыходзілі тысячы пілігрымаў, каб прасіць Маці Божую аб заступніцтве ў асабістых справах, а таксама аб спыненні пераследу хрысціянаў у краіне. Сярод пілігрымаў былі як вернікі «афіцыйнага» Касцёла, які знаходзіцца пад кантролем уладаў і фактычна існуе незалежна ад паўсюднага Касцёла, так і «падпольнага» Касцёла, які, нягледзячы на шматлікія цяжкасці, захоўвае еднасць са Святым Пасадам. І адных, і другіх аб’ядноўвае адна вера і адзіная пабожнасць.
Пасля публікацыі ліста папы Бэнэдыкта XVI рэгіянальны апарат па рэлігійных справах у Шанхаі і кіраўніцтва «афіцыйнага» Касцёла пачалі ствараць перашкоды для пілігрымаў у Шэшан, таму ў апошнія гады іх колькасць значна скарацілася. Хоць сёлета ўлады не стваралі асаблівых цяжкасцяў, аднак, як сказаў італьянскаму агенцтву AsiaNews адзін з мясцовых святароў, сюды прыйшло менш вернікаў, чым звычайна.
На інтэрнэт-старонцы Шанхайскай дыяцэзіі пералічаны розныя групы, якія з канца красавіка да канца мая выказалі намер здзейсніць пілігрымку ў санктуарый у Шэшане і цэлебраваць там св. Імшу. Усяго іх зарэгістравалася некалькі тысяч. Як прызнаюцца самі вернікі, з набліжэннем свята Марыі Успамогі хрысціянаў іх сэрцы напаўняе горыч. Абвяшчэнне гэтага свята днём малітваў за Касцёл у Кітаі стала для іх вялікім суцяшэннем.
Але, насуперак чаканням, мінулагадовая часовая дамова паміж Святым Пасадам і Кітаем не змяніла да лепшага становішча католікаў у краіне. Кітайскія ўлады па-ранейшаму пераследуюць вернікаў, перадусім «падпольнага» Касцёла, з касцёльных вежаў скідаюць крыжы, разбураюць святыні, некаторых святароў кідаюць у вязніцы.
«Нягледзячы на цяжкасці і цярпенні, мы працягваем трываць у веры», — запэўніў адзін з суразмоўцаў агенцтва AsiaNews. Яшчэ адзін кітайскі вернік, гаворачы пра змяншэнне колькасці пілігрымаў у Шэшане, выказаў упэўненасць у тым, што не паменшала ані пашана да Маці Божай Успамогі хрысціянаў, ані жаданне ісці да Яе ў пілігрымцы, аднак «цяперашняя сітуацыя не дае магчымасці людзям свабодна выяўляць сваю волю».