У Касцёле і ў грамадстве ў Польшчы шырокі рэзананс выклікаў фільм, зняты двума журналістамі, братамі Томашам і Маркам Сэкельскімі, які называецца «Толькі нікому не кажы» і апавядае пра праблему выкарыстання непаўнагадовых духоўнымі асобамі.
Фільм пабудаваны на сведчаннях тых, хто ў дзіцячым узросце стаў ахвярай выкарыстання з боку духоўных асобаў. Адзін з ксяндзоў, асуджаных за падобныя злачынствы, пасля фільму падаў Святому Айцу просьбу аб пераводзе яго ў свецкі стан.
Як паведамляе партал Deon.pl, кардынал Казімір Ныч, арцыбіскуп Мітрапаліт Варшаўскі, гаворачы пра праблему педафіліі ў Касцёле, якую ўздымаюць аўтары фільму, між іншым, адзначыў:
«Касцёл у Польшчы за апошнія гады зрабіў вельмі шмат. Аднак мы ўсвядомілі, што гэтага ўсё яшчэ замала».
Іерарх выказаўся наконт неабходнасці палепшыць працэдуру выкрыцця падобных недапушчальных выпадкаў, каб пры гэтым не прычыняць яшчэ большы боль пацярпелым. Сваім супрацоўнікам кардынал Ныч рэкамендуе арганізаваць прыём скаргаў такім чынам, каб пацярпелыя маглі падаваць іх таксама па-за будынкам курыі, каб ім не трэба было даваць паўторных паказанняў падчас кананічнага працэсу, і каб яны мелі інфармацыю пра тое, якім чынам ён праводзіцца.
Паводле Варшаўскага Мітрапаліта, адказ на праблему педафіліі — гэта яе належнае і сумленнае вырашэнне, прадухіленне, клопат пра тое, каб падобныя сітуацыі больш ніколі не здараліся, а рэакцыя на іх заўсёды павінна быць адпаведнай.
Усё гэта неабходна зрабіць дзеля бяспекі дзяцей і моладзі.
А найбольш евангельскім адказам, на думку кардынала Ныча, стане прыгожае жыццё і сведчанне святароў і свецкіх вернікаў, якія, выконваючы місію Касцёла, не будуць закрываць вочы на негатыўныя з’явы.