Пошук

18.03.2019 17:39   Catholic.by

16 сакавіка рыма-каталіцкі касцёл св. Пятра ў Адэсе (Украіна) абвешчаны малой базылікай — Basilica minor. Ганаровы тытул святыні надаў папа Францішак.

Як паведамляецца на ўкраінскім каталіцкім сайце Credo, з гэтай нагоды цэлебрацыю ўрачыстай св. Імшы ў новаабвешчанай базыліцы ўзначаліў Апостальскі нунцый ва Украіне арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці. Разам з ім у ёй узялі ўдзел каад’ютар Адэска-Сімферопальскай дыяцэзіі біскуп Станіслаў Шырокарадзюк, дапаможны біскуп Яцэк Піль, біскуп Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы Міхаіл Бубній, а таксама святары салезіяне, якія нясуць служэнне ў святыні.

Касцёл св. Пятра ў Адэсе быў пабудаваны на пачатку ХХ ст. у стылі італьянскага барока. Гэта адзіная рыма-каталіцкая святыня на поўдні Украіны, якая не зачынялася і працягвала дзейнічаць нават у часы бязбожнага савецкага рэжыму. У гэтым касцёле прымалі сакрамэнты як мясцовыя вернікі, так і католікі з суседняй Малдовы. Тут служыў легендарны святар кс. Тадэвуш Хоппэ, на асобе якога засяродзіўся ў сваёй гаміліі Апостальскі нунцый.

Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці назваў ксяндза Тадэвуша, які амаль паўстагоддзя служыў у адэскай святыні, «асобаю велізарнага маштабу».

Гэты святар на працягу дзесяцігоддзяў служыў у поўнай самоце. Не маючы магчымасці служыць за межамі касцёльнай агароджы, ён трымаў дзверы сваёй келлі адчыненымі для ўсіх. Да яго прыходзілі не толькі католікі, але і вернікі іншых хрысціянскіх канфесій і нават няверуючыя, якія прагнулі атрымаць ад святара хоць глыток свежага паветра ў задушлівай атмсферы савецкай атэістычнай прапаганды.

Фота: CREDO.PRO

Многія з тых, хто асабіста ведаў кс. Тадэвуша (а ён служыў не толькі ў Адэсе, але наведваў таксама супольнасці ў Кіеве, Кішынёве і Тбілісі), упэўненыя ў ягонай святасці.

Адэская парафія св. Пятра сёння налічвае каля 300 вернікаў. Набажэнствы ў касцёле праходзяць на ўкраінскай, рускай, польскай і англійскай мовах.

Да гэтага часу ва Украіне былі дзве малыя базылікі: Львоўская мітрапалітальная базыліка Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і базыліка Святога Крыжа ў Чарнаўцах. Цяпер з’явілася таксама і трэцяя — касцёл св. Пятра ў Адэсе.

Абноўлена 18.03.2019 18:25
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця