Пошук

28.01.2019 12:09   Фота: біскуп Юзаф Станеўскі, кс. Антоні Грэмза / Catholic.by

27 студзеня завяршыліся 34-я Сусветныя дні моладзі, у якіх бралі ўдзел маладыя прадстаўнікі Беларусі разам са святарамі і біскупам Юзафам Станеўскім.

Па традыцыі СДМ, у апошнюю ноч усе ўдзельнікі — каля 600 тыс. чалавек — сабраліся на полі імя св. Яна Паўла ІІ на ўскраіне панамскай сталіцы на малітоўнае чуванне, якое распачаў папа Францішак.

Прамаўляючы да юнакоў і дзяўчат, Святы Айцец звярнуў іх увагу перадусім на рэальнае, а не віртуальнае вымярэнне адносінаў з Богам.

«Збаўленне, якое нам дорыць Пан — гэта заклік да ўдзелу ў гісторыі любові, якая сустракаецца з нашымі гісторыямі; якая жыве і хоча нарадзіцца між намі, каб мы маглі прыносіць плён там, дзе знаходзімся, у сітуацыі, у якой знаходзімся, сярод тых, з кім знаходзімся», — падкрэсліў Пантыфік, як паведамляе беларуская рэдакцыя партала Vatican News.

Падчас вігілійнага чування прагучала некалькі сведчанняў. Адны бацькі падзяліліся тым, як яны ўспрынялі вестку пра тое, што будуць мець дзіця з інваліднасцю.

«Свет існуе не толькі для моцных», — сказаў у адказ на іх сведчанне папа Францішак, параўнаўшы рашэнне бацькоў прыняць і любіць сваё дзіця з рашэннем Панны Марыі, якая таксама пагадзілася ўдзельнічаць у задуме любові Бога.

«Сказаць „так“ Богу значыць мець адвагу прыняць жыццё такім, якое яно прыходзіць, з усёй яго безабароннасцю і слабасцю, і вельмі часта нават з усімі яго супярэчнасцямі і адсутнасцю сэнсу», зрабіў выснову Пантыфік.

Папа выказаўся таксама ў абарону сучаснай моладзі.

«Як лёгка крытыкаваць моладзь і праводзіць час наракаючы, калі мы пазбаўляем яе магчымасці працаваць, вучыцца, ствараць супольнасць, за якую могуць зачапіцца, і марыць пра будучыню!» — сказаў ён. Паводле Святога Айца, без працы, без адукацыі, без супольнасці і без сям’і жыццё маладога чалавека не мае каранёў і засыхае. «Гэтыя чатыры „без“ забіваюць», сцвердзіў пастыр паўсюднага Касцёла.

Удзельнікам чування моладзі спадарожнічала фігура Маці Божай, прывезеная з Фацімы. Углядаючыся ў яе, юнакі і дзяўчаты на працягу ночы ў ціхай малітве і адарацыі разважалі над словамі Марыі, што сталі дэвізам сёлетніх СДМ: «Вось Я, слуга Пана. Няхай Мне станецца паводле твайго слова».

Трохметровая манстранцыя з выстаўленым у ёй Найсвяцейшым Сакрамэнтам была зроблена з пераплаўленых гільзаў у выглядзе Маці Божай, якая трымае Хрыста ў Гостыі. Тры галоўныя інтэнцыі малітвы падчас адарацыі былі за сем’і, за святароў і за місіі.

Святая Імша ў нядзелю, цэлебрацыю якой узначаліў папа Францішак, стала апошнім мерапрыемствам дзён моладзі ў Панаме. У сваёй гаміліі Святы Айцец казаў пра тое, што ў вуснах Езуса абяцанне будучыні становіцца рэальнасцю.

«Бог рэальны, таму што любоў рэальная, Бог канкрэтны, таму што любоў канкрэтная. І менавіта гэтая канкрэтнасць любові — гэта тое, што складае адзін з галоўных элементаў хрысціянскага жыцця», — падкрэсліў пры гэтым Папа.

На заканчэнне св. Імшы Святы Айцец падзякаваў усім арганізатарам Сусветных дзён моладзі, а таксама ўдзельнікам гэтага форума, якія сваёй верай і радасцю ўзрушылі Панаму, Амерыку і ўвесь свет.

Папа Францішак паведаміў, што наступныя Сусветныя дні моладзі пройдуць у 2022 г. у сталіцы Партугаліі Лісабоне.

У апошні дзень побыту ў Панаме беларускіх удзельнікаў СДМ біскуп Юзаф Станеўскі прызнаўся, што пасля такой насычанай праграмы і асабліва заключнага «малітоўнага марафону» ўсе яны адчуваюць вялікую стомленасць. Нягледзячы на гэта, нашы юнакі і дзяўчаты дзякуючы ўдзелу ў СДМ набылі ні з чым не параўнальны духоўны вопыт і багацце, якімі пасля вяртання дадому шчодра падзеляцца са сваімі аднагодкамі ў Беларусі.

Абноўлена 28.01.2019 14:33
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа