Пошук

24.01.2019 10:53   Фота: біскуп Юзаф Станеўскі, кс. Антоні Грэмза / Catholic.by

Катэхезу на тэму «Вось я» для беларускіх удзельнікаў СДМ у Панаме правёў 23 студзеня біскуп Юзаф Станеўскі.

Усяго падрыхтоўка ўключае 3 катэхезы на працягу трох дзён: першыя дзень — «Вось я», другі дзень — «Вось я, слуга Пана», і трэці дзень — «Вось я, слуга Пана, няхай мне станецца паводле Твайго слова».

Такім чынам, разважанне грунтуецца на прапанаваным папам Францішкам дэвізе сёлетніх Дзён моладзі, якія маюць асаблівае марыйнае вымярэнне.

У сувязі з гэтым удзельнікі СДМ прывезлі з сабою ў Панаму выявы Маці Божай, найбольш шанаваныя ў сябе на радзіме. Юнакоў і дзяўчат з Беларусі суправаджае ў іх пілігрымцы абраз Маці Божай Будслаўскай.

У катэхезе першага дня біскуп Юзаф Станеўскі прапанаваў моладзі паразважаць над пакліканнем Самуэля — вялікага прарока Старога Запавету. Да паклікання гэта быў звычайны хлопец, які проста прыслугоўваў у святыні. Бацькі вымалілі яго і з маленства далі яму рэлігійнае выхаванне.

Таксама і Марыя нарадзілася ў канкрэтнай сям’і, у якой прыняла ласку веры ў найвышэйшай ступені. Дзякуючы гэтаму Яна дзве тысячы гадоў таму сказала гэтыя словы, якія змянілі ўвесь ход чалавечай гісторыі: «Вось Я, слуга Пана…»

«І мы цяпер, у ХХІ стагоддзі, прыняўшы ласку веры ад старэйшых пакаленняў тут, у Панаме, кажам перад абліччам Пана: „Вось, я“. Сярод нас няма тут людзей непатрэбных, выпадковых, бо кожнага з нас паклікаў Хрыстус і чакае, які мы Яму дадзім адказ», — падкрэсліў іерарх.

Пасля катэхезы была св. Імша для пілігрымаў, цэлебрацыю якой узначаліў біскуп Юзаф. У прамоўленым Божым слове ён звярнуў увагу на тое, што, калі Самуэль быў пакліканы абвясціць народу пакаранне за грахі, то пакліканне Марыі было звязана з абвяшчэннем прабачэння грахоў, якое раз і назаўсёды здзейсніў Яе Сын Езус Хрыстус — «Святар навекі на ўзор Мэльхізэдэка», як спявалася ў гэты дзень у рэспансарыйным псальме.

«Таму мы сёння пакліканы ісці шляхам Езуса Хрыста, шляхам Яго збаўчай праўды.

Для кожнага Ён падрыхтаваў свой шлях, і знайшоўшы яго, адважна пайду па ім наперад, адказаўшы Пану: „Вось я…“

Не буду таксама забывацца, што на гэтым шляху я не адзін: са мною мая сям’я, мой народ, мая Радзіма, якія заўсёды мяне падтрымаюць, і якім я патрэбны», — завяршыў гамілію адказны за моладзь у беларускім епіскапаце біскуп Юзаф Станеўскі.

Абноўлена 25.01.2019 16:32
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа