Міністэрства ўнутраных спраў Украіны сумесна з Дзяржаўнай міграцыйнай службай выступілі з прапановай перагледзець стандарты фатаграфавання на дакументы.
У прыватнасці змены закрануць манашак, якія для афармлення замежнага пашпарта змогуць фатаграфавацца ў вэлюмах (галаўны ўбор жаночага габіта).
22 лістапада ў Міністэрстве прайшла адмысловая нарада з удзелам у тым ліку прадстаўнікоў рэлігійных супольнасцей у краіне, падчас якой абмяркоўваліся праблемныя пытанні, з якімі сутыкаюцца прадстаўнікі розных веравызнанняў.
Пытанні датычыліся фотаздымкаў на дакументы, а менавіта пашпартоў грамадзяніна Украіны і пашпартоў для выезду за мяжу, пасведчанняў на пастаяннае або часовае пражыванне, пасведчанняў бежанцаў і г.д.
Намеснік міністра ўнутраных спраў Таццяна Кавальчук звярнула ўвагу, што дзяржаўны стандарт прадугледжвае фатаграфаванне для пашпартоў выключна без галаўных убораў.
«Мы павінны зрабіць усё, каб даць магчымасць асобам, якія належаць да розных рэлігійных рухаў, фатаграфавацца на дакументы, не парушаючы іх рэлігійныя перакананні. Вырашэнне гэтага пытання ў маштабах Украіны ляжыць выключна ў плошчы змены стандартаў», — адзначыла Таццяна Кавальчук.
Старшыня Дзяржаўнай міграцыйнай службы Украіны Максім Сакалюк дадаў, што гэта будзе правільным шляхом для вырашэння гэтай праблемы.
Са зменаю нацыянальнага стандарту будзе дасягнуты прынцып абавязковых і факультатыўных элементаў ідэнтыфікацыі асобы з улікам асаблівых выпадкаў фатаграфавання.
«Галаўныя ўборы не дазваляюцца за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных дзяржаўнымі органамі (рэлігійныя звычаі, медыцынскія прадпісанні ці культурныя традыцыі)», — сказана ў правілах. Аднак на ўнутраны пашпарт такі здымак зрабіць не атрымаецца: дакумент будзе нядзейсным.
У Беларусі манашкі павінны фатаграфавацца на пашпарт без вэлюма.