З 27 па 28 лістапада ў Страсбургу (Францыя) праходзіць сустрэча ў Радзе Еўропы, на якой Канферэнцыю Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі прадстаўляе дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB, біскупскі вікарый для г. Магілёва і Магілёўскай вобласці.
Мерапрыемства на тэму «Культурныя маршруты Рады Еўропы. Падарожжы веры і сустрэч» арганізавана Пастаянным прадстаўніцтвам Святога Пасаду ў Радзе Еўропы ў супрацоўніцтве з Радай Канферэнцый Біскупаў Еўропы (РКБЕ) і Сакратарыятам Пашыранага частковага пагаднення аб культурных маршрутах Рады Еўропы.
Напачатку з прывітальным словам да ўдзельнікаў сустрэчы звернуцца Габрыэля Батаіні-Драгоні, намесніца Генеральнага сакратара Рады Еўропы, і монсіньёр Паоло Рудэллі, пастаянны назіральнік Святога Пасаду ў Радзе Еўропы. У першай сесіі, тэма якой гучыць як «Там, дзе мінулае сустракаецца з будучыняй», прамовяць старшыня Рады біскупскіх канферэнцый Еўропы кардынал Анджэло Баньяско, арцыбіскуп Генуі, Стэфано Даміньёні, выканаўчы сакратар частковага пагаднення аб культурных маршрутах Рады Еўропы, і дырэктар Еўрапейскага інстытута культурных маршрутаў, а таксама амбасадар Мэглена Кунева, кіраўнік Дэлегацыі Еўрапейскага Саюза ў Радзе Еўропы.
Сустрэча працягнецца за круглым сталом пад назвай «Турысты і пілігрымы: якое садзеянне», мадэратарам якога будзе біскуп Аўеда (Іспанія) Хэсус Санс Монтэс OFM.
Сустрэча ў Страсбургу, якая праходзіць у межах еўрапейскага Года, прысвечанага культурнай спадчыне, павінна падкрэсліць нядаўняе далучэнне Святога Пасаду да Пашыранага частковага пагаднення аб культурных маршрутах Рады Еўропы, які стаў 32-м яго членам, а таксама забяспечыць унёсак біскупскіх канферэнцый, каб лепш адлюстраваць тэму «Культурныя маршруты Рады Еўропы». Гэта першая сустрэча прадстаўнікоў Канферэнцый Каталіцкіх Біскупаў або іх дэлегатаў па справах аховы культурнай спадчыны і асяроддзя, якая датычыцца пытанняў у гэтай сферы.