Да 2030 года ў Германіі будзе адчувацца недахоп 14 тысяч святароў усіх канфесій. Прадстаўнікі Каталіцкага Касцёла і Лютэранскай Царквы пракаментавалі, якія наступствы гэта можа мець.
Цэнтральны камітэт нямецкіх католікаў (ЦКНК) адзначае, што праз 12 гадоў каля 7 тысяч з амаль 13 500 святарскіх пасадаў будуць вольнымі. Пра гэта піша часопіс Focus.
Такое развіццё пакліканняў з’яўляецца катастрафічным, як лічыць старшыня ЦКНК Томас Штэрнберг.
«Мы не зможам утрымліваць прывычныя нам сёння структуры, — сказаў Штэрнберг. — Свецкія вернікі ў будучыні павінны будуць пераймаць куды больш заданняў».
Евангельская Царква ў Германіі (ЕЦГ) сутыкаецца з падобнымі праблемамі. Евангельскі Саюз святароў зыходзіць з таго, што сённяшняя лічба амаль у 21 тысячы святароў Евангельскай Царквы зменшыцца на адну трэцюю. Паводле іх прагнозаў, да 2030 года каля 7 тысяч «святарскіх пасадаў» будуць не занятымі.
«Гэта прывядзе да таго, што кожны асобны святар будзе працаваць таксама на мяжы сваіх магчымасцей», — падкрэсліў старшыня Саюза святароў ЕЦГ Андрэас Кант.
Як вынікае з апублікаванага ў маі 2018 г. апытання каталіцкага агенцтва навін KNA, у 27 нямецкіх дыяцэзіях сёлета было ўдзелена 61 прэзбітэрскае пасвячэнне, у 2017 годзе новапрэзбітэраў было 74.
У 2015 годзе маладых святароў было 58, і гэта самы нізкі паказчык за ўсю гісторыю. Да параўнання: у 1995 годзе ў Германіі налічвалася 186 новапрэзбітэраў.
У статыстыцы не ўлічаны лічбы прэзбітэрскіх пасвячэнняў у манаскіх супольнасцях, а таксама кандыдаты-замежнікі, якія хоць і атрымалі прэзбітэрскае пасвячэнне ў Германіі, але застаюцца святарамі сваіх родных дыяцэзій.