Пошук

10.11.2018 13:11   Паводле: m.deon.pl / Catholic.by

Энтузіясту з Аўстраліі Кэну Хэму (Ken Ham) удалося рэалізаваць незвычайны праект, які ён сам лічыць адным з найбольшых хрысціянскіх дасягненняў сучаснасці.

Некалькі гадоў таму ў яго з’явілася ідэя пабудаваць сапраўдны Ноеў каўчэг. Гэтая амбіцыёзная задума стала для яго справай жыцця. З дапамогай аднаго з пратэстанцкіх рухаў — Answer in Genesis (Адказ у Быцці) — аўстралійскі энтузіяст распачаў збор сродкаў для рэалізацыі праекту. Пабудова каўчэга працягвалася 6 гадоў і па розных падліках каштавала каля 100 млн даляраў.

У выніку атрымаўся гіганцкі карабель больш за 155 м у даўжыню, 15 метраў у вышыню і 26 метраў у шырыню. Яго можна ўбачыць ва Уільямстоўне ў штаце Кентукі (ЗША).

Стваральнік сучаснага каўчэга запэўнівае, што, калі б на зямлі зноў здарыўся патоп, ягоны карабель пасля нязначных даробак зможа паплыць, хоць фізікі скептычна ацэньваюць такую магчымасць. Аднак такой патрэбы, напэўна, ніколі не ўзнікне, бо Божыя абяцанні — неадменныя (гл. Быц 7, 21–22).

Цяпер усярэдзіне каўчэга размясціўся музей са шматлікімі цікавымі экспанатамі, якія служаць евангелізацыі і папулярызацыі крэацыянісцкага светапогляду, заснаванага на перакананні, што свет быў створаны Богам. Тут можна ўбачыць фігуры біблейскіх персанажаў, а таксама мадэлі сотні відаў жывёл. Цікава, што сярод іх ёсць нават дыназаўры, паколькі, як лічаць гаспадары каўчэга, «іх таксама стварыў Бог».

Аднак для таго, каб трапіць на каўчэг, спатрэбіцца цярплівасць, бо тут заўсёды вялізная чарга з тысяч жадаючых. На працягу першага года з адкрыцця ў ліпені 2016 г. музей у біблейскім караблі наведала больш за мільён турыстаў. Кошт уваходнага квітка складае 40 амерыканскіх даляраў.

Крытыкі праекту папракаюць яго аўтараў у тым, што для пабудовы каўчэгу яны карысталіся падатковымі ільготамі і атрымлівалі фінансаванне, прызначанае ў тым ліку на навуковыя мэты. Між тым арганізацыя Answer in Genesis ніколі не хавала, што імкнецца да прызнання крэацыянісцкай мадэлі стварэння свету адзінай праўдзівай, прычым даслоўна, як гэта апісана ў Бібліі.

Аўтары праекту маюць планы на яго пашырэнне. Так, плануецца стварыць тут цэлы біблійны парк, дзе будзе і Назарэт часоў Хрыста, і нават славутая Вавілонская вежа. Галоўнае, каб яны не забыліся пра тое, чым скончылася гэтая ганарыстая задума ў біблейскія часы (гл. Быц 11, 1–9).

Абноўлена 11.11.2018 23:29
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.