Пошук

17.10.2018 14:01   Паводле: deon.pl

Вядомы польскі футбаліст Роберт Левандоўскі, які выступае за нямецкі клуб Баварыя, падзяліўся з чытачамі Спартыўных фактаў пра свой удзел у дабрачыннасці.

«Я рады, што маю талент ад Бога. Але талент — гэта не ўсё, куды важней — тваё сэрца», — адзначыў спартсмен.

Ужо некалькі гадоў разам з жонкай ён дапамагае маленькім пацыентам у Цэнтры здароўя дзіцяці. Упершыню футбаліст наведаў гэты цэнтр дзевяць гадоў таму.

«Пасля той сустрэчы я яшчэ доўга асэнсоўваў пабачанае, — прыгадвае Левандоўскі. — Гэта былі нявінныя маленькія дзеці, з цярпеннем на твары, пасля аперацый. Я не ўмею гэта апісваць... Гэта гучыць банальна, але такія візіты нагадваюць, што ў жыцці ёсць рэчы важныя і самыя важныя».

«Я магу гуляць у футбол, зарабляць грошы і хачу дапамагаць. Хачу таксама развівацца як чалавек, — тлумачыць Левандоўскі. — Цяжка глядзець на цярпенне іншых, але таксама цяжка асэнсоўваць, што ўсім дапамагчы ты не здолееш. Мы не можам аздаравіць увесь свет».

Футбаліст падтрымлівае дзяцей з Цэнтра не толькі фінансава, але і маральна.

«Неяк я сустрэў там хлопца, які быў прыхільнікам футболу і бачыў ува мне свайго куміра. Ён моцна хварэў, ужо пагадзіўшыся з тым, што памірае. У яго не было ахвоты змагацца», — прыгадвае Роберт Левандоўскі.

«Мы доўга размаўлялі. Вынікі даследаванняў вельмі палепшыліся. Ён сам не ўсведамляў, што мае ў сабе сілу», — адзначыў Левандоўскі.

На пытанне, ці варта казаць пра актыўны ўдзел у дабрачыннасці, спартсмен адказаў з упэўненасцю: «Чым больш ты чуеш пра якія-небудзь пазітыўныя ініцыятывы, тым часцей маеш ахвоту сам у іх паўдзельнічаць».

Паводле слоў футбаліста, пасля таго, як СМІ напісалі пра яго дапамогу Цэнтру здароўя дзіцяці, адгукнулася шмат людзей, якія таксама хацелі як-небудзь дапамагчы. «Пра гэта варта расказваць», — перакананы Левандоўскі.

Абноўлена 17.10.2018 14:22
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.