Каля 5,5 тысяч праціўнікаў абортаў прынялі ўдзел у «Маршы за жыццё», які прайшоў у Берліне 22 верасня.
Гэта была ўжо 14-я акцыя абаронцаў жыцця, праведзеная ў сталіцы Германіі. Сярод удзельнікаў– біскуп Берліна Хайнер Кох, дапаможны біскуп Маціяс Гайнрых, а таксама арцыбіскуп Рэгенгсбургскі Рудольф Фодэрхольцар.
Упершыню за ўсе гады маніфестацыі ў ёй прыняў удзел лютэранскі епіскап Ганс-Юрген Абрамайт з Грайфсвальда.
Марш быў арганізаваны Федэральным саюзам права на жыццё, які аб'ядноўвае 14 пралайф-арганізацый.
Падчас набажэнства, якое завяршыла сёлетні Марш за жыццё, прадстаўнік лютэран заклікаў дапамагаць цяжарным жанчынам у цяжкіх жыццёвых сітуацыях.
«Непажаданая цяжарнасць – гэта паказчык салідарнасці грамадства», — зазначыў іерарх. Ён таксама падкрэсліў, што бацькі, суседзі і працадаўцы нясуць вялікую адказнасць перад цяжарнымі жанчынамі, каб не пакідаць іх сам-насам з іх праблемамі.
У сваю чаргу біскуп Кох нагадаў пра долю галодных, хворых і мігрантаў, якім адмаўляюць у праве на жыццё. Напачатку Марша яго ўдзельнікі падтрымалі шэраг заяў палітыкаў – у прыватнасці, пакінуць у сіле юрыдычную забарону рэкламаваць аборты. Акрамя таго, удзельнікі Марша засцераглі ад «фінансавання праз медыцынскую страхоўку аналізаў крыві, якія дазваляюць рабіць селекцыю ненароджаных дзяцей».
Таксама адзначалася, што сем'і, якія «маюць дзяцей з асаблівасцямі развіцця», патрабуюць большай дапамогі і ўвагі.