15-16 верасня Дзяржсакратар папы Францішка кардынал П’етро Паралін здзейсніў візіт у Малдову, прымеркаваны да 25-годдзя прысутнасці Каталіцкага Касцёла ў краіне.
Першым пунктам праграмы падарожжа бліжэйшага супрацоўніка Папы стала сустрэча з Прэзідэнтам Малдовы Ігарам Дадонам і іншымі прадстаўнікамі вышэйшай дзяржаўнай улады. Затым іерарх наведаў сталоўку для бедных пад назвай «Папа Францішак», якой кіруе каталіцкі дабрачынны фонд Regina Pacis.
У першы дзень свайго візіту кардынал Паралін прыняў удзел у Сусветным кангрэсе сем’яў, які праходзіў у Кішынёве, і звярнуўся да яго ўдзельнікаў з прамовай. Вечарам у мясцовым катэдральным касцёле ён узначаліў св. Імшу падзякі за 25 гадоў прысутнасці Каталіцкага Касцёла ў Малдове.
16 верасня ватыканскі іерарх цэлебраваў Эўхарыстыю і асвяціў алтар у касцёле горада Ціраспаль, які з’яўляецца сёння сталіцай самаабвешчанай і непрызнанай міжнароднай супольнасцю Прыднястроўскай Малдаўскай Рэспублікі. У той жа дзень Дзяржсакратар вярнуўся ў Рым.
Афіцыйныя структуры Каталіцкага Касцёла на тэрыторыі Рэспублікі Малдова ўзніклі на пачатку 1990-х гадоў. 23 мая 1992 г. былі ўстаноўлены дыпламатычныя адносіны паміж Святым Пасадам і гэтай краінай. Праз год св. Ян Павел ІІ заснаваў Апостальскую адміністратуру Малдовы, якая ў 2001 г. была ператворана ў Кішынёўскую дыяцэзію. Яе пастырам з’яўляецца 56-гадовы біскуп Антон Коша. Католікі складаюць каля 0,5 працэнта насельніцтва Малдовы.
Кардынал П’етро Паралін наведваў таксама Беларусь. Яго візіт адбыўся 12-15 сакавіка 2015 года.