З 16 па 21 ліпеня ў Фаціме (Партугалія) праходзіла Сусветная сустрэча сужэнстваў руху Equipes Notre-Dame, у якой бралі ўдзел таксама сужонкі з Беларусі.
Сустрэча ў сусветна вядомым месцы аб’яўленняў Маці Божай сабрала каля дзевяці тысяч удзельнікаў з 96 краін свету: сужонкі, святары — духоўныя дарадцы руху і біскупы. Гэтая сустрэча сужэнстваў з’яўляецца самай вялікай у свеце і арганізуецца рэгулярна кожныя шэсць гадоў.
Беларусь на Сусветнай сустрэчы руху Equipes Notre-Dame прадстаўлялі сужонкі Павел і Людміла Чаган, Уладзімір і Святлана Дробыш, а таксама духоўны дарадца руху кс. Андрэй Сіповіч.
Беларускія ўдзельнікі падзяліліся ўражаннямі ад сустрэчы ў Фаціме з парталам Catholic.by.
Уладзімір і Святлана Дробыш: «Асабліва ўразіла маштабнасць і высокадухоўная атмасфера мерапрыемства. Тут сабраліся сужэнствы не проста з розных краін, але з усіх кантынентаў: з усяго свету! Гэтыя людзі прыехалі на сустрэчу з краін з розным узроўнем эканамічнага і навукова-тэхнічнага развіцця, з розным менталітэтам і нацыянальнымі традыцыямі. Але ўсе яны былі аб’яднаныя вялікай любоўю: любоўю да Хрыста і адзін да аднаго! Гэта ўражвала і натхняла. Асабліва захапіла любоў, вера і гатоўнасць адстойваць яе людзей з некаторых краін, дзе хрысціянства пераследуецца да гэтага часу».
Павел і Людміла Чаган: «Нягледзячы на тое, што прыехала на сустрэчу вялікая колькасць людзей, у горадзе панаваў спакой, прымірэнне. Ад людзей зыходзіла адмысловая цеплыня, адчувалася добразычлівасць, адкрытасць, былі відаць усмешкі. Было такое адчуванне, што ўсе мы даўно адзін аднаго ведаем, як быццам усе мы — гэта адна вялікая і дружная сям’я.
Радасць перапаўняла нашыя сэрцы ад таго, што дзевяць тысяч чалавек (а можа, і больш), хочуць жыць згодна з воляй Пана Бога, ісці за Хрыстом, духоўна ўзрастаць і несці веру ў Бога сваім дзецям, сваякам, сябрам і знаёмым».
Галоўнай тэмай для разважанняў падчас сустрэчы быў урывак з Евангелля пра марнатраўнага сына, да якога ў сваім пасланні да сужэнстваў руху звярнуўся Святы Айцец Францішак.
«Ніхто не выключаны з любові Айца, ні з яго міласэрнасці. Ён не згодны на тое, каб страціць кагосьці: мужа ці жонку, бацьку або дзіця. У вачах Езуса ніхто не страчаны назаўсёды. Есць толькі людзі, якім яшчэ трэба будзе знайсці Бога, таму Езус заклікае нас выйсці і шукаць іх», — падкрэсліў папа Францішак у сваім пасланні.
Адным з самых кранальных момантаў сустрэчы стала выкананне практыкавання «Прысядзем разам», у аснову якога пакладзены сужэнскі дыялог.
Для сужонкаў былі падрыхтаваныя невялікія кавалкі хлеба, загарнутыя ў сурвэтку з нацыянальным партугальскім арнаментам. Па традыцыі такі хлеб у Фаціме выпякаецца для маладажонаў. Муж і жонка мелі магчымасць пачаставаць адзін аднаго «хлебам маладажонаў», узгадаць дзень свайго шлюбу і падзякаваць Богу за гэты вялікі дар.
Завяршэннем міжнароднай сустрэчы стала ўрачыстая св. Імша на плошчы перад фацімскай базылікай, падчас якой адбылося аднаўленне шлюбных абяцанняў. Арганізатары сустрэчы ў Фаціме падкрэсліваюць, што ў эпоху падрыву сутнасці сакрамэнтальнага сужэнства такія сустрэчы з’яўляюцца вялікім знакам веры і сведчаннем аб сапраўдных каштоўнасцях сакрамэнту сужэнства.
Рух сужэнскай духоўнасці Equipes Notre-Dame (Суполкі Маці Божай) існуе на Беларусі ўжо 14 гадоў. Сёння да яго далучылася больш за 120 сужэнстваў з розных куткоў краіны.
Для таго, каб далучыцца да руху і стварыць парафіяльную суполку, звяртацца па тэл.:
+375 25 98729 28 — Максім і Аліна Угорыч