Пошук

20.07.2018 16:22   Паводле: Фэдэрыко П’яна / Vatican News / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by

10 ліпеня былі апублікаваныя вынікі новых даследаванняў Турынскай плашчаніцы, якія выклікалі неадназначную рэакцыю ў навукоўцаў.

Вынікі даследаванняў плашчаніцы былі прадстаўлены ў навуковым выданні Ліверпульскага ўніверсітэта Journal of Forensic Science. Іх аўтары, прафесар таго ж універсітэта Матэо Барыні і прадстаўнік італьянскага камітэту па кантролі за псеўданавукамі Луіджы Гарласкеллі заявілі, што крывавыя плямы, адбітыя на палатне плашчаніцы, не супадаюць з магчымым іх размяшчэннем на целе ўкрыжаванага, захінутага пры пахаванні ў гэтае палатно.

Між тым, Турынскую плашчаніцу многія лічаць менавіта тым палатном, у якое пасля смерці было захінута цела Езуса Хрыста, хоць Касцёл гэтага ніколі афіцыйна не пацвердзіў.

Барыні і Гарласкеллі правялі шэраг эксперыментаў на манекене, вынікі якіх не супалі з размяшчэннем крывавых плямаў на плашчаніцы. На падставе гэтага даследчыкі сцвярджаюць, што прынамсі плямы крыві былі нанесены на палатно штучна.

Разам з тым, вучоныя-сінданолагі, якія займаюцца вывучэннем Турынскай плашчаніцы, аспрэчылі гэтыя высновы, нягледзячы на вялікі аўтарытэт Ліверпульскага ўніверсітэта, які іх апублікаваў. Прафесар Эмануэла Марынэллі лічыць, што эксперымент з напітанай штучнай крывёю губкай, замацаванай на манекене, які ўжываецца для дэманстрацыі адзення ў вітрынах, нельга лічыць навуковым падыходам.

«Гэты эксперымент менш дакладны за іншыя даследаванні, якія 40 гадоў таму праводзіліся на трупах людзей, памерлых ад гемаперыкарду (магчымай прычыны смерці Езуса — рэд.), размешчаных верыкальна і праколатых скальпелем паміж пятым і шостым рэбрамі так, як гэта ў выпадку Езуса зрабіў дзідай рымскі жаўнер. Тады былі атрыманыя вынікі, адрозныя ад таго, што сцвярджаюць Барыні і Гарласкеллі», — прыводзіць свой важкі аргумент даследчыца.

Як жа магло атрымацца, што ўстанова такога ўзроўню, як Ліверпульскі ўніверсітэт, пайшла на публікацыю такіх метадалагічна сумніўных даследаванняў, што можа негатыўна адбіцца на аўтарытэце самой гэтай навуковай установы?

Прафесар Марынэллі ў адказ на гэта кажа, што пэўныя ідэалагічныя групы не шкадуюць сродкаў на тое, каб давесці, што Турынская плашчаніца — гэта падробка.

«Дастаткова заплаціць, і будуць праведзены патрэбныя даследаванні, а таксама знойдзецца хтосьці, хто іх апублікуе», — лічыць вучоная. Вынік такіх «даследаванняў» ужо загадзя прадвызначаны тымі, хто іх замаўляе.

Так, кардынал Анастазіё Баллестрэра, арцыбіскуп Турынскі і кусташ плашчаніцы ў 80-я гады мінулага стагоддзя, упэўнена сцвярджаў у афіцыйным лісце, адрасаваным яго навуковаму дарадцу прафесару Луіджы Ганэле, што на вынікі праведзенага тады датавання радыёвугляродным метадам (якія, дарэчы, пазней былі абвергнуты іншымі незалежнымі навуковымі даследаваннямі — рэд.) моцны ўплыў аказвала масонства, зацікаўленае любым коштам давесці сярэднявечнае паходжанне плашчаніцы.

Такім чынам, на думку прафесара Марынэллі, сапраўднасць Турынскай плашчаніцы моцна раздражняе тых, хто адмаўляе існаванне Хрыста і Яго ўваскрасенне.

Як казаў кардынал Джакамо Біфі, для католікаў усё адно, сапраўдная плашчаніца ці не. Аднак гэта зусім не ўсё адно для атэістаў. Магчыма, менавіта гэта выклікае такую занепакоенасць у тых, хто любым коштам імкнецца давесці, што плашчаніца — гэта падробка.

Абноўлена 21.07.2018 21:26
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця