Пошук

28.06.2018 15:40   vaticannews.va

Святы Пасад і Рэспубліка Сан-Марына заключылі дамову адносна выкладання асноў каталіцкай веры ў дзяржаўных навучальных установах краіны.

Адпаведны дакумент быў падпісаны 26 чэрвеня. З боку Апостальскай Сталіцы свой подпіс паставіў арцыбіскуп Эміль-Поль Шэрыг, Апостальскі Нунцый у Італіі і Сан-Марына, а з боку Сан-Марына — Міністр замежных спраў Нікола Рэнцы.

Пагадненне, якое складаецца з прэамбулы і чатырох артыкулаў, пераглядае статут аб выкладанні каталіцкай рэлігіі ў публічнай адукацыйнай сістэме і гарантуе навучэнцам дзяржаўных адукацыйных устаноў магчымасць атрымання ведаў, неабходных для знаёмства з верай, асабістага развіцця, разумення рэчаіснасці, гісторыі краіны і еўрапейскай культуры.

Дакумент прадугледжвае, што вучэбныя праграмы і формы навучання, крытэрыі выбару выкладчыкаў і падручнікаў для арганізацыі выкладання асноў каталіцкай веры ў школах Сан-Марына будуць сумесна распрацоўвацца кіраўніцтвам адукацыйнай сферы краіны і мясцовымі касцёльнымі ўладамі.

Пагадненне ўвойдзе ў сілу адразу пасля выканання шэрагу фармальных працэдур, прадугледжаных заканадаўствам абодвух бакоў, гаворыцца ў спецыяльным паведамленні, якое 28 чэрвеня было апублікавана ў ватыканскай газеце L’Osservatore Romano.

Пытанне аб важнасці рэлігійнай культуры ў працэсе адукацыі разглядалася парламентам Сан-Марына з лютага 2017 г. Таксама ў двухбаковай канвенцыі, падпісанай Святым Пасадам і Сан-Марына ў 1992 г., за каштоўнасцямі і прынцыпамі каталіцкай рэлігіі вызнаецца выключная роля ў фарміраванні тоеснасці жыхароў гэтай краіны.

Абноўлена 28.06.2018 23:44
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа