Папа Францішак не падтрымаў ініцыятыву нямецкага епіскапату адносна прыняцця св. Камуніі некаталіцкім бокам у змешаных сужэнствах.
Прэфект Кангрэгацыі Веравучэння арцыбіскуп Луіс Ладарыя напісаў старшыні Канферэнцыі Біскупаў Германіі кардыналу Рэйнхарду Марксу, што падрыхтаваны нямецкім епіскапатам дакумент адносна св. Камуніі вернікаў-некатолікаў пакідае нявырашанымі шэраг немалаважных пытанняў.
Ён агучыў выснову Папы, што ў такім выглядзе дакумент яшчэ не гатовы да публікацыі.
Кіраўнік дыкастэрыі падкрэсліў, што пытанне адносна прыняцця некаталіцкімі сужонкамі св. Камуніі датычыцца Касцёла ў цэлым і аказвае ўплыў на экуменічныя адносіны з іншымі Цэрквамі і супольнасцямі.
Іерарх таксама звярнуў увагу на адпаведныя палажэнні Кодэкса кананічнага права. Канон 844 кажа, што сакрамэнт можа быць удзелены толькі каталіцкім вернікам. Выключэнне можа быць зроблена для вернікаў Усходніх Цэркваў, якія не маюць поўнай еднасці з Каталіцкім Касцёлам, калі яны самі пра гэта просяць.
Прадстаўнікам іншых хрысціянскіх дэнамінацый, у тым ліку пратэстантам, з якімі найчасцей заключаюцца змешаныя сужэнствы ў Германіі, кананічнае права дазваляе ўдзяляць Камунію толькі ў тых выпадках, калі існуе небяспека смерці або калі да гэтага прымушае іншая сур’ёзная неабходнасць, прызнаная дыяцэзіяльным біскупам або біскупскай канферэнцыяй.
Для вырашэння гэтых і іншых пытанняў для ўсяго Паўсюднага Касцёла ўпаўнаважаны адпаведныя органы Святога Пасаду, патлумачыў арцыбіскуп Ладарыя. Ён падкрэсліў, што гэтае пытанне датычыцца веры Касцёла і мае важнае значэнне для ўсяго Касцёла.
У той жа час Святы Пасад спадзяецца на далейшы ўнутраны дыялог паміж нямецкімі біскупамі, — напісаў прэфект Кангрэгацыі Веравучэння.
Арцыбіскуп завяршыў свой ліст заклікам да «духоўнай калегіяльнасці» ў Канферэнцыі Біскупаў Германіі.
Нагадаем, што нямецкі епіскапат у лютым вырашыў, што ў асобных выпадках неабходна дазволіць сумесны ўдзел у св. Камуніі мужу і жонцы розных канфесій. Кардынал Маркс патлумачыў тады, што значная колькасць змешаных сужэнстваў ставіць перад святарамі «неадкладную душпастырскую задачу».
Аднак 7 з 25 нямецкіх дыяцэзіяльных біскупаў не пагадзіліся з такім рашэннем рэшты епіскапату і накіравалі ў Ватыкан ліст па гэтым пытанні. Падпісанты ліста на чале з кардыналам Райнэрам Вёлькі папрасілі Святы Пасад аб дапамозе ў вырашэнні праблемы. Паводле іх, епіскапат перавысіў свае паўнамоцтвы, а яго рашэнне нязгоднае з Кананічным правам. На іх думку, у такіх фундаментальных пытаннях веры і еднасці Касцёла варта пазбягаць выключных рашэнняў.
Паколькі Святы Пасад лічыць, што канфлікт павінен быць вырашаны ўнутры нямецкага епіскапату, яго старшыня кардынал Маркс нядаўна выказаў надзею, што на наступным пасяджэнні Канферэнцыі Біскупаў ён і яго браты «прыйдуць да пагаднення».