Пошук

18.05.2018 16:15   Паводле: KAI / lpj.org / Catholic.by
© thecatholictelegraph.com

Жаўнеры, афіцэры і члены іх сем’яў з 40 краін бяруць удзел у 60-й Міжнароднай вайсковай пілігрымцы ў Люрд (Францыя), якая распачалася 18 мая. Сёлета яна праходзіць пад дэвізам «Мір на зямлі» з клопатам пра хрысціянаў і іншых жыхароў Святой Зямлі.

Традыцыя вандравання вайскоўцаў у Люрд узнікла пад канец Другой сусветнай вайны.

У 1945 г. некалькі жаўнераў з Еўропы, якія выжылі ў баявых дзеяннях, скіраваліся ў гэты французскі марыйны санктуарый, каб падзякаваць Маці Божай за выратаванне жыцця і папрасіць у Яе міру і згоды для людзей ва ўсім свеце.

У 1958 г. пілігрымка ўпершыню прайшла ў міжнародным фармаце, стаўшы вялікім штогадовым сходам вайскоўцаў з усяго свету. Яна ўвасабляе каштоўнасці братэрства, міру і надзеі. На працягу трох дзён пілігрымкі адбываюцца духоўныя разважанні, святыя Імшы, малітоўныя чуванні і канцэрты.

Сёлетняя пілігрымка праходзіць пад знакам дзвюх важных «круглых» гадавінаў: 60-годдзя яе рэгулярнага правядзення і стагоддзя заканчэння Першай сусветнай вайны, якое будзе адзначацца 11 лістапада. Кожны пілігрым прыйдзе ў Люрд са сваёй аліўкавай галінкай — сімвалам міру, якую складзе ў Пячоры аб’яўленняў на заканчэнне пілігрымкі 20 мая.

Яшчэ адна важная ініцыятыва пілігрымкі ў Люрд у гэтым годзе звязана з малітоўнай падтрымкай народаў Святой Зямлі, якія пакутуюць ад чарговай успышкі насілля.

У адказ на заклік лацінскага Патрыярха Ерузалема П’ербатысты Піцабалы ўдзельнікі 60-й пілігрымкі вайскоўцаў вырашылі з’яднацца ў малітве з ерузалемскім Касцёлам, каб згасіць гэтай супольнай малітвай полымя нянавісці на Святой Зямлі.

Ужо шмат гадоў лацінскі Патрыярхат Ерузалема распаўсюджвае Святое Пісанне і іншыя дакументы Касцёла на арабскай мове сярод сваіх вернікаў. Аднак гэтых выданняў усё яшчэ недастаткова, і да гэтага часу вялікая колькасць маладых хрысціянаў не маюць нават Бібліі на роднай мове. Таму арганізатары пілігрымкі вырашылі з унёскаў удзельнікаў выдаткаваць па 1 еўра з чалавека на друк і дастаўку Біблій для вернікаў на Святой Зямлі. Фінансавы ўнёсак вайсковых пілігрымаў дасць магчымасць надрукаваць больш за пяць тысяч экземпляраў Святога Пісання для маладых арабаў-католікаў.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця