Пошук


Папа Рымскі выказаў хваляванне ў сувязі з абвастрэннем сітуацыі на Святой Зямлі, дзе ў выніку супрацьстаяння паміж ізраільскімі вайскоўцамі і палестынскімі маніфестантамі ў апошнія дні, паводле паведамленняў палестынскіх крыніц, загінулі некалькі дзясяткаў пратэстуючых і каля трох тысяч атрымалі раненні.

З адмысловым заклікам Папа звярнуўся 16 мая падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане.

«Я вельмі занепакоены эскалацыяй напружанасці на Святой Зямлі і на Блізкім Усходзе, а таксама спіраллю насілля, якая ўсё больш аддаляе ад шляху міру, дыялогу і перамоў.

Выказваю мой глыбокі смутак аб загінулых і параненых і сваю блізкасць, з малітвай і любоўю, да ўсіх, хто пакутуе. Паўтараю, што выкарыстанне насілля ніколі не вядзе да міру.

Вайна выклікае вайну, насілле выклікае насілле. Заклікаю ўсе зацікаўленыя бакі і міжнародную супольнасць аднавіць высілкі, каб запанавалі дыялог, справядлівасць і мір», — сказаў Папа.

Абвастрэнне сітуацыі на Святой Зямлі пачалося 14 мая на фоне пераносу пасольства ЗША з Тэль-Авіва ў Іерусалім, што фактычна азначае прызнанне гэтага горада сталіцай Дзяржавы Ізраіль.

Акцыя палестынскага насельніцтва пачалася з самай раніцы на мяжы сектара Газа з Ізраілем. Ізраільскае войска падавіла пратэсты з выкарыстаннем зброі.

Абноўлена 17.05.2018 11:04
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.