12 мая канцлер Германіі Ангела Меркель атрымала ў дар ад братоў з кляштара ў Асізі Лампаду міру св. Францішка за яе ўнёсак у справу мірнага суіснавання народаў.
У цырымоніі ўзнагароджання ўзяў удзел таксама лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру прэзідэнт Калумбіі Хуан Мануэль Сантас, які ў мінулым годзе атрымаў такі самы дар ад францішканаў з Асізі.
Напачатку абодва лідары дзяржаваў у суправаджэнні кусташа асізскага кляштара а. Маўро Марыі Гамбэцці наведалі крыпту базылікі, дзе спачываюць рэліквіі святога Бедняка з Асізі. Потым у Верхняй базыліцы Ангеле Меркель была ўручана Лампада св. Францішка, пасля чаго адбылася сустрэча з моладдзю, у якой узялі ўдзел каля 300 юнакоў і дзяўчат.
Як паведамляе інфармацыйнае агенцтва Святога Пасаду Vatican News са спасылкай на а. Маўро Марыю Гамбэцці, федэральны канцлер Германіі атрымала гэты дар ад братоў з Асізі на знак прызнання яе дзейнасці на карысць мігрантаў і прадэманстраванага ёю «бачання Еўропы, пакліканай да сумеснага шляху з павагай да адрозненняў розных краінаў».
Пры гэтым духоўны сын св. Францішка звярнуў увагу на неабходнасць супольнага еўрапейскага плану, які быў бы падтрыманы ўсімі, асабліва адносна будучыні моладзі, якая вельмі часта бывае дэзарыентаванай.
Лампада міру св. Францішка ў розныя гады ўручалася вялікай колькасці рэлігійных, грамадскіх і палітычных дзеячаў, якія так ці інакш прычыніліся да справы міру. Сярод тых, хто раней атрымаў гэты дар ад асізскіх братоў, тры апошнія Папы Рымскія, духоўны лідар Тыбета Далай Лама, а таксама два былыя прэзідэнты: Польшчы — Лех Валенса і Савецкага Саюза — Міхаіл Гарбачоў.