Пошук

26.04.2018 17:38   Паводле: МХН / Фота: popeforukraine.com.ua / Catholic.by
© popeforukraine.com.ua

За апошнія два гады тысячы мірных жыхароў зоны АТА ва Украіне атрымалі медыцынскую і гуманітарную дапамогу дзякуючы акцыі «Папа для Украіны», якую асабіста ініцыяваў Святы Айцец Францішак.

Каб пазнаёміцца з плёнам акцыі, 147 святароў з Італіі наведалі аднаго з выканаўчых партнёраў акцыі — асацыяцыю «Эмануэль» (CBN-Украіна) у Кіеве. Парафіі гэтых святароў найбольш актыўна адгукнуліся на збор сродкаў для дапамогі пацярпелым на ўсходзе Украіны.

«Калі Папа прыняў рашэнне, я пры гэтым прысутнічаў. Таму памятаю, як гэта нарадзілася і цяпер добра працягваецца і завяршаецца, таму што тых грошай ужо няшмат. Адзінае, што мне не спадабалася — гэта маўчанне [у СМІ] пра гэтую акцыю», — пракаментаваў вынікі акцыі Апостальскі Нунцый ва Украіне арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці.

«Я думаю, што найбольшае дасягненне гэтай акцыі і мэта яе былі ў тым, каб вярнуць людзям іх годнасць, каб яны адчулі сябе патрэбнымі і не самотнымі падчас гэтай вайны, — адзначыў кіраўнік тэхнічнага сакратарыяту ініцыятывы „Папа для Украіны“ біскуп Эдуард Кава. — І гэта ўдалося! Гэтая дапамога дала ім надзею, што вайна скончыцца, а жыццё працягваецца і яны не забытыя ні Богам, ані людзьмі, якіх Бог паклікаў і пасылае».

Папа Францішак асабіста ахвяраваў 5 млн еўра, яшчэ 11 млн сабралі каталіцкія супольнасці Еўропы.

Дзякуючы гэтым сродкам людзі атрымалі лекі і медыцынскую дапамогу, прадукты харчавання, паліва і цвёрдапаліўныя катлы, бульбу і насенне для сяўбы. Таксама на тэрыторыі т. зв. «шэрай зоны» праводзіліся летнікі для дзяцей, якія засталіся там, нягледзячы на баявыя дзеянні.

На пытанне, колькі ўсяго чалавек атрымалі дапамогу, кіраўнік аддзела сацыяльных праектаў асацыяцыі «Эмануэль» Галіна Кучар адказвае, што каля дзесяці тысяч. Але адразу ж дадае: «Дзесяць тысяч — гэта людзі, якія афармляліся па дакументах. Але калі мы ставім кацёл у дом, а там жыве пяць чалавек, то яны ўсе карыстаюцца гэтай дапамогай. Таму дакладную колькасць людзей ведае толькі Бог. Вялікая колькасць людзей атрымала дапамогу і аздараўленне, і наогул проста ў многіх сэрцах нараджалася ўдзячнасць Богу».

Гэтая акцыя ўнікальная яшчэ і таму, што за час існавання незалежнай Украіны яна стала першым плённым супрацоўніцтвам рыма-католікаў і пратэстантаў.

«Рыма-католікі — гэта вялізная частка Цела Хрыста. Але мы не вельмі добра працуем разам, — прызнае кіраўнік асацыяцыі «Эмануэль» Стыў Вэбер. — Але ў гэтай акцыі мы выдатна працавалі разам! Калі Цела Хрыста працуе разам — гэта адзінства. І калі ёсць адзінства, тады свет даведваецца, што Айцец паслаў нам свайго Сына».

Арганізатары прызнаюць, што яны задаволеныя вынікамі акцыі. Падчас сустрэчы таксама ішла гаворка пра тое, што ініцыятыва «Папа для Украіны» можа мець працяг у будучыні.

«Папа Рымскі вельмі заклапочаны гэтай сітуацыяй, і першае пытанне, якое ён задаў і Нунцыю, і мне: „Калі гэтая вайна скончыцца?“, — кажа біскуп Эдуард Кава. — Мы не змаглі даць на яго адказ, таму Папа прапанаваў працягнуць гэтую акцыю. Магчыма, у крыху іншым фармаце, каб яна мела больш стабільны і працяглы кірунак. Але канчатковага рашэння мы яшчэ не маем, а пакуль толькі вывучаем сітуацыю і шукаем адпаведнае і практычнае рашэнне, якое магло б служыць як тым людзям, якія пацярпелі ў выніку вайны, так і тым бедным, якіх нямала ва Украіне».

Асацыяцыя «Эмануэль» пацвердзіла сваю гатоўнасць і далей удзельнічаць у дабрачынных праектах папы Францішка. Гэтае цудоўнае супрацоўніцтва з братамі і сёстрамі ў Хрысце можа прынесці яшчэ шмат дабра ўкраінцам, якія сёння знаходзяцца ў патрэбе.

Абноўлена 26.04.2018 21:00
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа