Пошук

26.02.2018 15:37   Аляксандр Гелагаеў / Паводле: foxnews.com, dailywire.com
Постэр да новага серыяла

Джон Галэкі, які выконвае ролю Леанарда Хафстэдтэра ў папулярнай камедыі «Тэорыя вялікага выбуху», адзначае, што тэлебачанне і кіно быццам бы не заўважаюць, што большасць насельніцтва ў свеце — рэлігійныя людзі.

«Калі я заснаваў сваю прадзюсарскую кампанію, я найперш хацеў паспрабаваць зрабіць камедыю пра рэлігію. Я разумеў, што пра гэта не кажуць, нягледзячы на тое, што 80 працэнтаў людзей у свеце так ці інакш маюць рэлігійныя перакананні», — сказаў акцёр падчас сустрэчы з журналістамі.

Кіруючыся сваёй ідэяй, 42-гадовы Галэкі, які ўжо 11 гадоў іграе ў «Тэорыі», вырашыў зрабіць серыял, які падштурхне людзей да размовы пра Біблію нават «у месцах для палення на працы».

Серыял «Жыць па Бібліі» папярэдне ўжо паказвалі групам вернікаў, якія засталіся задаволеныя вынікам.

Стваральнікі серыяла запрасілі да супрацоўніцтва каталіцкага святара і рабіна, каб тыя выступілі кансультантамі, указваючы на памылкі і прапаноўваючы лепшыя прыклады з Бібліі.

«Быў адзін выпадак, калі тэставая аўдыторыя не так гучна смяялася, як іншыя, і я не мог зразумець, чаму, таму спытаўся [у фірмы, якая збірала людзей на прагляд]... Аказалася, што адзіная розніца ў тым, што ў гэтай аўдыторыі не было вернікаў», — распавядае Джон.

«Гэта нас вельмі натхніла. У мяне амаль з’явіліся слёзы на вачах, таму што мы баяліся якраз адваротнага. Мы хваляваліся, што можам пакрыўдзіць людзей, якіх вельмі глыбока паважаем і хочам паказваць сур’ёзна і з пашанай», — дадаў ён.

Леанард Хафстэдтэр (Джоні Галэкі) і яго жонка Пені (Кэйлі Куока) у адным з эпізодаў «Тэорыі вялікага выбуху»

Галоўны герой новага серыяла Чып Кары пераасэнсоўвае жыццё пасля значных падзеяў у сваім жыцці — яго жонка зацяжарала, а лепшы сябар памёр.

Ён спрабуе жыць па Бібліі і разумее, што цяпер рабіць гэта зусім не так лёгка — нельга хлусіць, ужываць дарэмна Божае імя. А яшчэ варта падумаць: ці не стаў тваім ідалам модны мабільнік?

Абноўлена 26.02.2018 16:20
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.