«Каталіцкі Касцёл у Індыі ўвесь час з надзеяй глядзіць на магчымы візіт папы Францішка. Людзі сумуюць і чакаюць яго», — сказаў біскуп Тэадор Маскарэнхас, генеральны сакратар Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Індыі.
Яго словы перадае нямецкае інфармацыйнае агенцтва KNA.
«Яго візіт як пасла міру і чалавека з моцнай пазіцыяй у справе ўбогіх і пакрыўджаных стаў бы моцным і яскравым пасланнем — не толькі для католікаў. Мы ўсе з’яўляемся братамі і сёстрамі, мы жывём разам у адной краіне, таму павінны жыць добра і мірна», — дадаў іерарх.
Гэтымі днямі ў Бангалоры праходзіць пасяджэнне індыйскага епіскапату.
На думку біскупа Маскарэнхаса, візіт Пантыфіка яшчэ ў гэтым годзе будзе залежаць ад таго, ці накіруе прэм’ер-міністр краіны Нарэндра Модзі запрашэнне.
«Мы звяртаемся да прэм’ера Модзі: “Запрасі Папу! Візіт паспрыяе развіццю ўсёй нашай краіны і зробіць добра Індыі”», — адзначыў біскуп.
Біскуп дадаў, што з 28 млн хрысціян у Індыі каля 20 млн з’яўляюцца католікамі. Практычна кожны дзень яны сутыкаюцца з варожасцю з боку нацыяналістаў-індуістаў. Індуісты складаюць большасць насельніцтва Індыі.
«Грамадскі клімат становіцца [ў краіне] ўсё больш складаным», — адзначае генеральны сакратар епіскапату Індыі. Усё часцей праходзяць кампаніі нянавісці, якія становяцца з кожным разам усё больш небяспечнымі.
«Напрыклад, нас абвінавачваюць у тым, што мы з’яўляемся пагрозай для індуісцкай большасці. Гэтыя кампаніі, з заклікамі на Фэйсбуку, з усё больш частымі атакамі, з’яўляюцца прычынай таго, што хрысціяне жывуць у страху», — сказаў біскуп Маскарэнхас.
Каталіцкі Касцёл у Індыі складаецца з вернікаў трох розных абрадаў: каля 80 працэнтаў — католікі лацінскага абраду, астатнія належаць да двух усходніх Каталіцкіх Касцёлаў: сіра-малабарскага і сіра-маланкарскага.
Кожная з гэтых супольнасцяў мае свае дыяцэзіяльныя і парафіяльныя структуры, а таксама асобныя структуры іерархаў: іерархі лацінскага абраду ўтвараюць Канферэнцыю Каталіцкіх Біскупаў у Індыі, у той час як абодва Усходнія Касцёлы маюць свае ўласныя Сіноды Біскупаў.
Таксама ў Індыі дзейнічае і Канферэнцыі Біскупаў Каталіцкіх Індыі, у якую ўваходзяць дзеючыя біскупы ўсіх трох абрадаў.