У Парыжы касцёл пачаў збіраць ахвяраванні з дапамогай пластыкавых картак. У касцёле св. Францішка ў парыжскім квартале Малітор у адной са скарбонак усталявалі тэрмінал і адмысловы адаптар для счытвання інфармацыі. Пра гэта паведамляе газета Le Parisien.
Дзякуючы гэтым электронным сродкам парафіяне змогуць пакідаць ахвяраванні з дапамогай банкаўскіх картак або смартфона, якімі сёння аплачваюцца асноўныя плацяжы (напрыклад, камунальныя паслугі).
Раней у скарбонку ахвяраванні апускаліся наяўнымі грашыма. Цяпер там змешчаны тэрмінал і спецыяльны адаптар.
Адаптар счытвае інфармацыю з карткі. На сэнсарным экране можна выбраць суму плацяжу — 2, 3, 5 або 10 еўра. Сістэма арганізавана такім чынам, што ахвяраванне з’яўляецца ананімным.
Ідэю стварыць такі электронны кошык прапанаваў дырэктар па развіцці фінансавых рэсурсаў Парыжскай дыяцэзіі Крыстоф Русло.
Пробашч парафіі кс. Дзідзье Дзювэрн паведаміў выданню, што ён і яго парафіяне ўспрынялі тэхналагічную навінку з энтузіязмам: «Нашы парафіяне гатовыя да ўсяго новага».
Адзначаецца, што мэта інавацыі — не павялічыць ахвяраванні, а адаптаваць касцёл да сучаснага жыцця.
У выпадку поспеху эксперыменту такія электронныя скарбонкі плануюць усталяваць яшчэ ў 120 парыжскіх парафіях.
Даведка:
Касцёл св. Францішка, размешчаны побач з тэніснымі кортамі «Ралан Гарос», пабудавалі ў 2005 годзе. Будынак адрозніваецца сучасным дызайнам і залай на 420 месцаў, якая пабудавана ў выглядзе евангельскага сімвала і ўяўляе сабой човен.