Каталіцкі святар Ян Паўль Хаваннэ з супольнасці цыстэрцыянцаў ужо не першы год суправаджае аўстрыйскіх спартсменаў на Алімпійскіх гульнях.
Алімпійскія Гульні ў Пхёнчхане (Паўднёвая Карэя), якія пройдуць з 7 па 25 лютага, стануць трэцімі ў душпастырскім служэнні манаха-цыстэрцыянца.
Як адзначыў святар у інтэрв’ю каталіцкаму агенцтву Kathpress, 7 лютага ён вылеціць у Пхёнчхан, дзе штодзённа будзе наведваць аўстрыйскі дом у алімпійскай вёсцы.
Святар прызнаецца, што будзе рады дапамагчы ў духоўных пытаннях і размовах не толькі 105 аўстрыйскім спартсменам, але і функцыянерам, трэнерам, фізіятэрапеўтам, кухарам і іншым членам алімпійскай зборнай Аўстрыі.
Паводле яго слоў, у алімпійскай вёсцы ёсць капліца, дзе ён плануе цэлебраваць рэгулярныя святыя Імшы.
Як адзначыў капелан, часта спартсмену патрэбна выгаварыцца і «залячыць» духоўныя пашкоджанні, наступствы якіх з узростам могуць адгукацца і балець усё часцей.
Днямі адбыліся праводзіны спартсменаў зборнай у прысутнасці прэзідэнта Аўстрыі Аляксандра ван дэр Бэллена.
Аўстрыйскі лідар адзначыў, што медалісты стануць прыкладам для многіх дзяцей, якія будуць сачыць за Алімпіядай па тэлевізары.
«Канешне, быць прыкладам — не заўсёды проста, таму што ніхто не ідэальны. Але падлеткі змогуць павучыцца ў вас сіле волі і імкненню да сваёй мары. Можна прайграць, але ніколі не варта здавацца».
У сваю чаргу а. Ян Паўль Хаваннэ oCist будзе суправаджаць не толькі спартсменаў асноўнай каманды, але і аўстрыйскіх паралімпійцаў, спаборніцтвы якіх пройдуць у Паўднёвай Карэі 9-18 сакавіка.