Рэктары вядучых расійскіх універсітэтаў выступілі за стварэнне ў Расіі Навукова-адукацыйнай тэалагічнай асацыяцыі (НАТА). Адпаведная рэзалюцыя была падпісана па выніках пленарнага пасяджэння «Тэалогія і прагрэс», якое прайшло ў Агульнацаркоўнай аспірантуры і дактарантуры імя свв. Кірыла і Мятода ў Маскве.
Пра гэта паведамляе інфармацыйнае агенцтва РІА Новости.
У рэзалюцыі ўдзельнікі дыскусіі просяць благаслаўлення ў Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла на стварэнне арганізацыі, якая, на іх думку, «дазволіць кансалідаваць інтэлектуальныя і інстытуцыйныя рэсурсы для развіцця навуковай тэалогіі і павышэння тэалагічнай граматнасці».
На думку Мітрапаліта Валакаламскага Іларыёна, старшыні аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату і рэктара Агульнацаркоўнай аспірантуры і дактарантуры, тэалогія — цэлы комплекс дысцыплін з маральным і выхаваўчым пачаткам, а не проста прафесійнае багаслоўе.
«Для кіраўніка свецкай ВНУ адкрыць кафедру тэалогіі — не такая простая задача: даводзілася пераадольваць скептычнае стаўленне некаторай часткі прафесарска-выкладчыцкай супольнасці, ды і сярод калег па рэктарскім корпусе замест падтрымкі іншы раз гучалі перасцярогі».
Мітрапаліт Іларыён адзначыў, што ва ўмовах росту рэлігійнай зацікаўленасці патрэбныя спецыялісты, якія б выкладалі веды аб рэлігіі і выхоўвалі моладзь.
«Калі мы не здолеем захаваць традыцыйныя каштоўнасці ў імклівым свеце, то духоўную пустэчу запоўняць радыкалы, эсктрэмісты і ідэолагі тэрарызму», — дадаў Мітрапаліт.
Паводле слоў іерарха, тэалогія не толькі адкрывае шлях да разумення ўласных культурных каранёў, але і вучыць далікатнаму стаўленню да духоўных запытаў людзей, якія належаць да іншых канфесій.