Пошук

20.01.2018 22:53   Паводле: Дэбара Данніні – Vatican News / Фота: Vatican Media / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by

У перуанскай Амазоніі папа Францішак наведаў прытулак для дзяцей-сіротаў Hogar Principito — «Дом Маленькага Прынца», у якім знаходзяцца 35 дзетак, пакінутых бацькамі, а таксама стаўшых ахвярамі насілля. Святы Айцец звярнуўся да іх са словамі падтрымкі і заклікаў даць прыклад сапраўднага жыцця.

«Вы — самае дарагое багацце», пра якое ўсе мы павінны клапаціцца. «Я не мог паехаць з Пуэрта-Мальданада, не завітаўшы да вас», — казаў Папа з вялікай пяшчотай выхаванцам «Дома Маленькага Прынца».

Шырока расплюшчанымі вачыма глядзелі яны на Папу Францішка; вачыма, якія ўжо ў маленстве бачылі боль і насілле. Тут, у прытулку, яны, якія засталіся без сем’яў, знайшлі сваю новую сям’ю. Многія з іх з’яўляюцца прадстаўнікамі карэнных народнасцяў Амазоніі.

«Прабачце нас, дарослых, калі мы не адносімся да вас настолькі ўважліва, як вы таго заслугоўваеце. Вы — святло надзеі для ўсіх нас», — сказаў Папа ўсім прысутным: дзецям, моладзі і валанцёрам, якія прымалі яго на баскетбольнай пляцоўцы.

«Я ведаю, што некаторым з вас вельмі сумна па начах. Ведаю, што вы сумуеце па тату і па маме, якіх няма, і ведаю, што ёсць раны, якія вельмі моцна баляць», — працягваў далей Святы Айцец, які адзначыў пры гэтым і станоўчы бок: тое, што цяпер у іх ёсць дом, дзе іх прымаюць і дапамагаюць адчуць, што Бог працягвае ім руку дапамогі.

У адказ на сведчанні маладых людзей, якія выраслі ў «Доме Маленькага Прынца» і змаглі адшукаць свой шлях у жыцці, Папа Францішак сказаў: «Вы з’яўляецеся для нас знакам вялікіх магчымасцяў, якія мае кожны чалавек, найлепшым прыкладам для пераймання». Моладзі, якая паходзіць з мясцовых народнасцяў, Святы Айцец параіў не паддавацца «ачмурэнню няправільна зразуметага прагрэсу» і не адмаўляцца ад спадчыны іх продкаў і іх надзей.

«Усё, што вы, маладыя, можаце зрабіць: прыйсці, каб пабыць і пагуляцца з імі, правесці з імі час, — гэта важна. Вы для іх, як казаў Маленькі Прынц, зорачкі, якія свецяць уначы».

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа