Пошук

19.01.2018 17:03   Паводле: Соня Зеліньска – КАІ / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by

 

Польскі горад Пшэмысль, размешчаны за 12 кіламетраў ад мяжы з Украінай, адметны тым, што з’яўляецца цэнтрам дзвюх каталіцкіх дыяцэзій: Пшэмысльскай лацінскага абраду і Пшэмысльска-Варшаўскай украінска-візантыйскага абраду. Сёння, калі грэка-католікі адзначаюць свята Хросту Пана — Вадохрышча, — тут ва ўрачыстасцях традыцыйна ўдзельнічаюць таксама і іх браты рымскага абраду.

Урачыстую літургію ўзначаліў грэка-каталіцкі арцыбіскуп Яўген Паповіч разам з арцыбіскупам на пенсіі Янам Мыртыняком. На набажэнстве прысутнічаў і Пшэмысльскі арцыбіскуп лацінскага абраду Адам Шаль.

У размове з журналістамі польскага каталіцкага інфармацыйнага агенцтва KAI арцыбіскуп Ян Мартыняк адзначыў, што пра Хрост Езуса Хрыста часта ідзе гаворка як пра пэўную падзею з мінулага, але ж гэта не толькі гісторыя. Усходняя літургія асвячэння вады яскрава падкрэслівае, што менавіта «сёння Хрыстус уваходзіць у ваду, сёння расступаюцца воды, сёння адкрываюцца нябёсы» — сёння здзяйсняецца гэтая рэчаіснасць. У літургічных тэкстах няма гаворкі пра тое, што гэта адбылося калісьці або адбудзецца ў будучыні: гэта адбываецца сёння. Гэта — сімвал няспыннай Боскай прысутнасці «Таго, які Ёсць».

Іерарх заўважыў, што мэта Божага аб’яўлення — гэта тэозіс, «абагаўленне» чалавека, але сучасны свет не жадае слухаць пра Боскую рэчаіснасць, якая становіцца рэчаіснасцю чалавечай. Арцыбіскуп Мартыняк падкрэсліў, што аб’яўленне Хрыста сёння абвяшчаюць тыя, хто ўмее любіць: св. Максімільян Кольбэ, св. Тэрэза Калькуцкая, а таксама місіянеры, якія сваім самаахвярным служэннем і сведчаннем робяць Хрыста прысутным сярод людзей.

Гэта і ёсць тое Божае аб’яўленне, якое працягваецца таксама ў нашыя дні. Яно не адбылося толькі раз у гісторыі на беразе Ярдана, а працягвае паўтарацца ў супольнасці Касцёла.

Гэтае свята нагадвае нам, кім мы з’яўляемся ў адносінах да Бога і кім з’яўляецца Бог у адносінах да нас. Мы — Яго ўлюбёныя дзеці, а Ён — наш Айцец. Езус атаясамлівае сябе з намі.

Пасля літургіі ў святыні ўсе ўдзельнікі ўрачыстасці ў працэсіі скіраваліся на бераг ракі Сан, дзе адбыўся абрад Вялікага Ярданскага асвячэння вады. Гэтае асвячэнне здзяйсняецца вельмі ўрачыста: у ваду апускаюцца тры патройныя падсвечнікі, святар дакранаецца да вады далонню, дыхае на яе і тройчы занурае ў яе крыж. На заканчэнне былі выпушчаны тры галубы — сімвал Святога Духа, які пасля Хросту сышоў на Хрыста.

Абноўлена 19.01.2018 18:57
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.