Пошук

16.01.2018 14:25   kathpress.at

«Маленькая краіна — вялікае сэрца»: з такімі словамі арцыбіскуп Панамы Хасэ-Дамінга Ульёа Менд’ета запрасіў маладых людзей на Сусветныя дні моладзі 2019 у Цэнтральную Амерыку.

Чакаецца, што на вялікую сустрэчу з папам Францішкам з 22 па 27 студзеня 2019 года прыбудзе больш за паўмільёна замежных пілігрымаў.

Гэтая падзея павінна даць шанс моладзі з усяго свету пазнаёміцца з жыццём сваіх аднагодкаў у Цэнтральнай Амерыцы. Пра гэта іерарх паведаміў падчас наведвання дабрачыннага фонду «Адвэніят» у нямецкім Эссэне.

«Беднасць, міграцыя, злоўжыванне наркотыкамі і гандаль людзьмі — гэта з’явы, якія ўплываюць на наш рэгіён», — сказаў арцыбіскуп Панамы. Магчымасць пазнаёміцца з грамадскім становішчам у краіне будзе ў пілігрымаў падчас т.зв. «Тыдня сустрэч».

На думку іерарха, беднасць не павінна ўспрымацца толькі як нешта страшнае і дрэннае, яна можа стаць «стваральнай сілай, калі адпавядае салідарнасці». Арцыбіскуп назваў сустрэчу дарогай знаёмства «з адкрытымі сэрцамі». Галоўнымі пунктамі СДМ арцыбіскуп назваў захаванне стварэння, жыццёвыя абставіны моладзі і яе пакліканне для будучыні свету.

У Панаме ў параўнанні з папярэднімі СДМ чакаецца значна ніжэйшая колькасць удзельнікаў з Еўропы. Галоўнай прычынай гэтаму стане не зусім зручны тэрмін правядзення сустрэчы — студзень.

Сусветныя дні моладзі пачалі праводзіцца па ініцыятыве св. Яна Паўла ІІ. Падчас свайго Пантыфікату Святы Айцец запрасіў маладых хрысціянаў усіх частак планеты на сустрэчу, мэта якой была ў магчымасці для моладзі «адкрыць таямніцу Касцёла ў супольным перажыванні пілігрымкі, малітвы, медытацыі і святой Імшы».

Найбольш шматлікімі СДМ былі ў 1991 г. у Чэнстахове, у 1995 г. у Маніле, у 1997 г. у Парыжы, у 2000 г. у Рыме і ў 2005 г. у Кёльне.

Абноўлена 16.01.2018 17:10
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.