Пошук


Дэлегаты ад 17 Біскупскіх Канферэнцый Еўропы і члены аргкамітэту Сусветных дзён моладзі–2019 у Панаме, а таксама прадстаўнікі ватыканскай Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця 13 студзеня распачалі трохдзённую рабочую сустрэчу, прысвечаную падрыхтоўцы да Сінода Біскупаў на тэму моладзі і Сусветных дзён моладзі ў Панаме.

40 дэлегатаў, адказных за душпастырства моладзі ў 17 еўрапейскіх краінах, прыехалі ў Штутгарт, каб разам з адказнымі за глабальны моладзевы форум панамцамі абмеркаваць бягучы стан падрыхтоўкі да яго.

З еўрапейскімі каардынатарамі Дзён моладзі сустрэнуцца, сярод іншага, арцыбіскуп Панамы Хасэ Дамінга Улоа Мэндзіета, старшыня панамскага аргкамітэту; Віктар Чанг, яго генеральны сакратар; кс. Жоао Шагас, старшыня моладзевай секцыі вышэйузгаданай Дыкастэрыі, які таксама ўдзельнічае ў падрыхтоўцы кастрычніцкага Сінода Біскупаў на тэму «Моладзь, вера і распазнанне паклікання».

Панамская дэлегацыя, апроч гэтага, удзельнічае ў міжнароднай турыстычнай выставе, якая праходзіць у гэтыя дні ў Штутгарце, дзе спецыяльным госцем сёлета з’яўляецца менавіта Панама.

Цэнтральныя падзеі Сусветных дзён моладзі пройдуць 22-27 студзеня 2019 г. Іх дэвізам сталі словы Марыі: «Вось я, слуга Пана. Няхай мне станецца паводле твайго слова» (Лк 1, 38). Сустрэчы маладых пілігрымаў з усяго свету будуць арганізаваны ў паркавай сталічнай зоне Сінці-Костэра, відовішчным авеню на набярэжнай Ціхага акіяна. Арганізатары чакаюць тут каля 375 тыс. чалавек. Правядзенне мерапрыемстваў будзе адпавядаць крытэрыям экалагічнай устойлівасці і ўмеранасці, як прасіў папа Францішак.

Перад цэнтральнымі падзеямі, з 17 па 21 студзеня, у Панаме, Коста-Рыцы і Нікарагуа пройдуць так званыя «дні ў дыяцэзіях».

Пра тое, што сталіца Панамскай Рэспублікі стане месцам правядзення сусветнага форуму моладзі, Пантыфік абвясціў 31 ліпеня 2016 г. пасля заключнай святой Імшы Сусветных дзён моладзі ў Кракаве.

Абноўлена 15.01.2018 13:02
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця