Пошук

11.01.2018 15:45   katholisch.de

18 студзеня распачнецца трохдзённы візіт Святога Айца ў Перу. З гэтай нагоды зняволеныя з усяго Перу змайстравалі амаль 300 тысяч ружанцаў. Сродкі ад іх продажу, як паведамляе ватыканскае інфармацыйнае агенцтва Fides, часткова пакрыюць выдаткі архідыяцэзіі Лімы на візіт Папы.

У працы было задзейнічана 650 зняволеных мужчынскіх і жаночых турмаў. Памятныя ружанцы складаюцца з пацерак, драўлянага крыжа, а таксама медальёна з выявай папы Францішка і подпісам «Перу 2018».

Незвычайная акцыя, якая доўжылася тры месяцы, была ініцыянавана перуанскім ведамствам па выкананні прысудаў. У відэароліку на юцюб-канале ведамства бачна, як дзясяткі жанчын, апранутыя ў адмыслова распрацаваныя да прыезду Пантыфіка майкі з лагатыпам, майструюць ружанцы і запакоўваюць іх.

«Усё Перу ўбачыць, што вы сваімі рукамі змаглі змайстраваць, — адзначае прэс-сакратар архідыяцэзіі Лімы Луіс Гаспар Урыбе. — Вы не павінны саромецца, гэтаксама і Бог не саромеецца вас».

Урад Перу на арганізацыю мерапрыемстваў з нагоды прыезду Папы выдаткаваў 37 мільёнаў перуанскіх соляў (амаль 9 мільёнаў еўра). Асобна стаяць выдаткі Каталіцкага Касцёла ў Перу, неабходныя для забеспячэння святароў літургічным адзеннем і падрыхтоўкі святыняў і іншых структур да прыезду Папы. Продаж ружанцаў дапаможа часткова пакрыць гэтыя выдаткі.

Візіт Папы ў Перу завершыцца 21 студзеня.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа