У красавіку 2018 г. у Львове пройдзе рэгіянальная сустрэча моладзі, якую арганізуе экуменічная супольнасць Тэзэ. Пра гэта 30 снежня паведаміў кіраўнік супольнасці Тэзэ брат Алоіс падчас Еўрапейскай сустрэчы моладзі ў Базэлі.
«Сустрэча пройдзе ў краіне, якая вельмі дарагая нашым сэрцам. У ёй мы яшчэ ніколі не праводзілі такой сустрэчы. У Базэлі прысутнічае 2800 маладых людзей, якія прыехалі з Украіны. Ва ўкраінскім Львове з 28 красавіка па 1 мая пройдзе рэгіянальная сустрэча Тэзэ», — сказаў брат Алоіс.
Як распавёў CREDO брат Бенуа, мерапрыемства пройдзе з благаслаўлення галоўных кананічных Цэркваў і пры садзейнічанні мясцовай улады Львова.
Юбілейная, 40-я пілігрымка даверу на зямлі, арганізаваная супольнасцю Тэзэ, праходзіла ў Базэлі, на мяжы трох краін — Швейцарыі, Германіі і Францыі. У ёй удзельнічала каля 20 тысяч маладых людзей з розных краін свету.