Ніколі раней сярод дэпутатаў нямецкага Бундэстага не было такой малой колькасці хрысціян. Як вынікае з апублікаванай 15 снежня статыстыкі, крыху больш за палову парламентарыяў (53,9 працэнта) з’яўляюцца хрысціянамі.
Членамі Каталіцкага Касцёла з’яўляюцца 192 дэпутаты (27,1 працэнта), 185 (26,1 працэнта) — члены Пратэстанцкай Царквы. Яшчэ 5 працэнтаў — праваслаўныя і старакатолікі. У сённяшнім складзе нямецкага парламента — тры мусульманіна (0,4 працэнта) і 53 чалавекі, якія не належаць ні да якой рэлігіі (7,5 працэнта). Адзін дэпутат з партыі Левых назваў сябе атэістам.
Удзел у анкетаванні быў дабравольным. 270 чалавек з 709 дэпутатаў не прымалі ўдзел у апытанні (38 працэнтаў).
Сярод усіх фракцый Бундэстага найбольшая колькасць вернікаў — 50 працэнтаў католікаў і 26 працэнтаў пратэстантаў — у Хрысціянска-дэмакратычным саюзе і Хрысціянска-сацыяльным саюзе (ХДС/ХСС). У Сацыял-дэмакратычнай партыі (СДП) — 29 працэнтаў пратэстантаў і 18 працэнтаў католікаў. Аднак палова з членаў гэтых фракцый не запоўніла анкеты.
Сярод 67 палітыкаў з партыі Зялёных да хрысціян належыць 14 працэнтаў: чатыры католікі, 19 пратэстантаў — гэта самая нізкая лічба за апошнія 27 гадоў. Адначасова менавіта Зялёныя склалі большасць (67 працэнтаў) з тых, хто адмовіўся ад запаўнення анкеты.
У новай фракцыі Бундэстага, Альтэрнатывы для Германіі, 13 пратэстантаў і 15 католікаў — 30 працэнтаў сярод 92 парламентарыяў. Больш за палову з іх не ўказала сваю прыналежнасць да рэлігіі, а 12 працэнтаў пазначылі, што не адносяць сябе да якойсьці рэлігіі.