Пошук

07.12.2017 12:54   deon.pl, ria.ru
Фота: livejournal.com

Каб захаваць крыж на мануменце Яну Паўлу ІІ у Плоэрмель, кіраўніцтва горада ў французскім рэгіёне Брэтань схіляецца да магчымасці продажу помніка каталіцкай дыяцэзіі, — піша штотыднёвік Famille chrétienne.

Пасля рашэння Рады горада, прынятага 25 кастрычніка, якое абавязвае мэра зняць на працягу шасці месяцаў крыж на помніку Яну Паўлу ІІ, працягваюцца перамовы паміж мэрыяй і дыяцэзіяй Ваннес. Найбольш верагодным рашэннем будзе продаж твора Зураба Цэрэтэлі Касцёлу і ўсталяванне яго на прыватнай тэрыторыі каталіцкай сярэдняй школы.

Помнік будзе прададзены дыяцэзіі

«Мы крыху перасунем помнік, і канфлікт скончыцца», — тлумачыць мэр Патрык Ле Дыфон газеце Le Figaro, дадаючы¸што манумент мог бы стаяць каля дома будынка адміністрацыі гімназіі Найсвяцейшага Сэрца. Каб зрабіць немагчымымі далейшыя юрыдычныя крокі супраць прысутнасці помніка, ён будзе прададзены дыяцэзіі.

«Калі б я яго падарыў, то хтосьці мог бы мяне абвінаваціць у таемнай датацыі для Каталіцкага Касцёла», — падкрэсліў Ле Дыфон. Ардынарый дыяцэзіі Ваннес біскуп Райманд Цэнтэн пасля рашэння Рады Штата прызнаў, што існуе два варыянты захаваць помнік: перанос яго ў іншае месца або выкуп публічнай тэрыторыі, на якой ён стаіць, праз прыватную асобу.

Фота: Vincent Michel, AP

І хоць першая магчымасць, здаецца, ужо выкарыстана, застаюцца яшчэ адміністратыўныя працэдуры. Таму справа не скончыцца раней за люты 2018 года.

Помнік Яну Паўлу ІІ скульптара Зураба Цэрэтэлі ўсталявалі на плошчы горада Плоэрмель у Брэтані яшчэ ў 2006 годзе. Скульптурная кампазіцыя вышынёй у 7,5 метра ўключае ў сябе вялікі крыж. Мясцовыя ўлады палічылі, што помнік парушае Канстытуцыю Францыі і закон ад 1905 года, які аддзяляе Касцёл ад дзяржавы. У кастрычніку 2017 года Дзяржаўны савет, вышэйшы орган адміністратыўнай юстыцыі ў Францыі, пастанавіў, што крыж з манумента павінен быць зняты.

У адказ на дзеянні ўладаў французскага горада прэм’ер-міністр Польшчы Беата Шыдла прапанавала перанесці помнік з Францыі ў Польшчу. На сёння ж разглядаецца варыянт перамяшчэння манумента на тэрыторыю мясцовай каталіцкай школы ў межах горада.

Абноўлена 07.12.2017 14:54
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа