Святы Айцец прыбыў у М’янму. Раніцай 27 лістапада самалёт італьянскай авіякампаніі Alitalia з Пантыфікам на борце прызямліўся ў міжнародным аэрапорце Янгона. Тут Папу Рымскага сустракалі прадстаўнікі мясцовых дзяржаўных і касцёльных уладаў, дэлегаты ад шматлікіх народнасцяў, якія пражываюць у М’ямне, і сотні дзяцей, апранутых у традыцыйныя строі.
Пасля прывітання Папа накіраваўся ў сядзібу арцыбіскупа Янгона, якая стане яго часовай рэзідэнцыяй падчас візіту ў М’янму. Пантыфік правёў тут бліжэйшы дзень, адпачываючы ад больш чым дзесяцігадзіннага пералёту. Вечарам Папа прыватна цэлебраваў святую Імшу ў капліцы палаца.
Афіцыйная частка візіту пачнецца 28 лістапада. Раніцай самалётам мясцовых авіяліній Пантыфік адправіцца ў сталіцу краіны, горад Найп’іда. Пасля афіцыйнай прывітальнай цырымоніі ён накіруецца ў Прэзідэнцкі палац на ўрачысты прыём у кіраўніка краіны. Затым Папа сустрэнецца з прэм’ерам і міністрам замежных спраў, пасля чаго, у Міжнародным кангрэс-цэнтры — з прадстаўнікамі органаў улады, грамадзянскай супольнасці і дыпламатычнага корпусу. Вечарам Святы Айцец вернецца ў Янгон.
Візіт у М’янму з’яўляецца першай часткай «азіяцкага» падарожжа папы Францішка, які прабудзе ў краіне да 30 лістапада, пасля чаго накіруецца ў Бангладэш. Пілігрымка завершыцца 2 снежня. Гэта 21-е замежнае падарожжа Папы Рымскага і трэцяе ў Азію.