Пошук

07.11.2017 13:20   Сибирская католическая газета / Catholic.by

У індыйскім горадзе Індаўры адбыўся абрад далучэння да ліку благаслаўлёных францішканскай манахіні Рані Марыі, якая загінула ад нажа забойцы 25 лютага 1995 года. Урачыстае набажэнства ўзначаліў прэфект Кангрэгацыі па справах Кананізацыі кардынал Анджэло Амата.

23 сакавіка 2017 года папа Францішак прызнаў факт мучаніцтва манахіні, адкрыўшы гэтым самым шлях да яе беатыфікацыі.

Сястра Рані Марыя нарадзілася ў індыйскім штаце Керала ў 1954 годзе і некалькі гадоў служыла ў Індаўрскай дыяцэзіі, дапамагаючы бедным, а асабліва жанчынам. У час паездкі ў Бхапал яе прымусілі выйсці з рэйсавага аўтобуса, і — на вачах ва ўсіх пасажыраў — забойца нанёс ёй шматлікія смяротныя раненні.

Сястра Рані Марыя разумела, які лёс можа быць падрыхтаваны тым, хто ў сельскіх рэгіёнах Індыі выступае супраць закону мацнейшых. Яе старанні ў імя дабра бедных, відаць, перашкаджалі мясцовым уладам.

«Прычына такой знішчальнай злосці — падкрэсліў у сваёй гаміліі кардынал Амата — заключалася ў тым, што сястра Марыя абвяшчала Евангелле міласэрнасці і абараняла бедных ад несправядлівасці тых, хто шляхам махлярства адбіраў у іх землі. Сястра Рані Марыя імкнулася выратаваць дробных землеўласнікаў ад самазабойства або сумнай долі абсалютнай нястачы: яна прапаноўвала ім канкрэтнае супрацоўніцтва і мікракрэдытаванне».

Яе смерць атрымала шырокі рэзананс у грамадстве: пасля яе пахавання прайшлі публічныя дэманстрацыі з удзелам тысяч людзей, у тым ліку прадстаўнікоў іншых рэлігій; у знак жалобы былі часова зачынены ўсе ўстановы штата.

Значныя перамены адбыліся з часам і ў забойцы манахіні: у турме Самандар Сінгх пакаяўся і перажыў глыбокае навяртанне, якое адзначылася ў 2002 годзе прымірэннем з роднай сястрой Рані Марыі, Сельмай Поль. Зараз Сінгх выйшаў на свабоду дзякуючы сям’і сваёй ахвяры, якая актыўна выступала за яго вызваленне. У інтэрв’ю каталіцкаму інфармацыйнаму агенцтву Asia News сястра Сельма Поль распавяла, што Самандар Сінгх жыве за 30 кіламетраў ад іх кляштара і часта прыходзіць да іх у госці. «Штогод у гадавіну смерці сястры Марыі гэты чалавек заходзіць на яе магілу і ахвяруе зерне са свайго поля ў якасці сімвалу абноўленага жыцця. Такім чынам ён абвяшчае міласэрнасць Бога», — адзначыла сястра Сельма Поль.

«Шматлікія місіянеры знаходзяць у ёй натхненне і абарону для сваёй няпростай працы на карысць людзей. Мучанікі заўсёды стваралі добрую глебу для новых пакаленняў хрысціян. Францішканскія манахіні асабліва рады таму, што, акрамя нябеснай абароны святой Альфонсы, у іх ёсць таксама благаслаўлёная сястра Рані Марыя Ваттаіл», — адзначыў у гаміліі кардынал Анджэло Амата.

Абноўлена 07.11.2017 14:54
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа