Сандомірская дыяцэзія Польшчы стала 19-й па ліку польскай дыяцэзіяй, якая завяла акаўнт у твітары. Пра гэта паведаміла прэс-служба Канферэнцыі Біскупаў у Польшчы.
Каталіцкі Касцёл у Польшчы складаецца сёння з 41 дыяцэзіі. Свае профілі на Фэйсбуку маюць таксама 16 польскіх біскупаў і арцыбіскупаў.
«Касцёл у Польшчы карыстаецца магчымасцямі, якія даюць новыя медыя, каб з Добрай Навіной дасягнуць як мага большай колькасці асобаў», — падкрэсліў прэс-сакратар польскага епіскапату.
Як нагадаў прэс-сакратар, ужо Ян Павел ІІ адзначаў, што Касцёл не можа быць у баку ад новых тэхналогій.
«Папа заклікаў увесь Касцёл “выплысці на глыбіню кіберпрасторы”. Мы рэалізоўваем яго просьбу і таму прысутныя таксама ў сацыяльных медыя. Гэта робіць магчымым камунікацыю ў рэжыме рэальнага часу з мільёнамі людзей», — адзначыў кс. Рытэль-Андрыянік.
Святы Ян Павел ІІ у 2001 годзе стаў першым Пантыфікам, які скарыстаўся электроннай поштай — тады ён пераслаў падпісаны ім афіцыйны дакумент.
Яго наступнік Бэнэдыкт XVI пачаў выкарыстоўваць для камунікацыі сацыяльныя медыя і завёў акаўнт у твітары. На сёння твітар папы Францішка дасяжны на 9 мовах і на яго падпісана 36 мільёнаў карыстальнікаў.
Сярод чатырох дыяцэзій у Каталіцкім Касцёле ў Беларусі ніводная пакуль пакуль не мае акаўнта ў сацыяльных сетках. Сярод беларускіх іерархаў у сеціве прысутны дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB.